Руся выходзіць замуж!

У дзень вяселля рок-князёўна апране белую класічную сукенку, упрыгожыць дрэды кветкамі і разам з каханым вылепіць у цэнтры Мінска гліняны гаршчок Ужо ў гэтую суботу вядомая рок-князёўна Руся расчаруе сваіх фанатаў: са свабоднай дзяўчыны-секс-сімвала краіны яна пераўтворыцца ў замужнюю і недасягальную жанчыну.

Напярэдадні свайго вяселля Руся распавяла Еўрарадыё пра будучага мужа, цырымонію вяселля і свой унутраны перадшлюбны шчаслівы стан:

Руся: “Як тут не быць шчаслівай! Калі выходзіш замуж за чалавека, якога моцна і шчыра кахаеш! Сумаваць няма калі”…

Абраннікам Русі стаў ужо вядомы прыхільнікам спявачкі Юрась. Руся радуецца, што каханы не мае аніякага дачынення да музыкі:

Руся: “Не, гэта не музыка, ні ў якім разе. Аднойчы я была ўжо жонкай музыканта, і гэта даволі складана, бо заўсёды музыкі паміж сабою падзяляюць амбіцыі: хто больш чаго варты ў свеце музыкі… Таму мой муж — чалавек, які працуе ў свеце рэкламы. А рэклама, дарэчы, блізкая да шоў-бізу, таму што і музыку, і артыстаў, і песні таксама варта прадаваць як нейкі тавар. Ён мне дапамагае ў прасоўванні майго новага праекту “Акана-NHS”.

Паводле слоў Русі, вяселле мае быць сціплым і сямейным. Урачыстыя і пышныя цырымоніі – не надта разумны крок у час крызісу. Але не абыдзецца тут без беларускіх вясельных песень:

Руся: “Гэта будзе сціпленькае вяселле. Мы спачатку распішамся, як і трэба нармальным будучым мужу і жонцы ў адным з ЗАГСаў Мінску. Вельмі нам хацелася зладзіць нешта традыцыйнае і старадаўняе, таму мы вырашылі ў Старым горадзе на Нямізе зрабіць гаршчок сумесна з майстрам. Прыйдуць мае дзяўчынкі з “Аканы-NHS” ў строях, адмыслова рэканструяваных, будуць спяваць вясельныя песні. Потым мы ўжо збяромся проста з сям’ёй, бо сёлета выходзіць замуж – гэта вельмі дарагая справа. Сяброў у мяне паўгорада, і сабраць усіх у адным месцы дастаткова складана”.

Руся абяцае, што летам маладыя-такі зладзяць нешта кшталту вясельнага канцэрту на адкрытым паветры, куды запросяць усіх сваіх сяброў, музыкаў і добрых знаёмых.

Спявачка адмовілася ад вобразу секс-сімвалу беларускай сцэны на карысць класічнай нявесты ў прыгожай белай сукенцы. Аднак атрыбут Русі-этна-дзівы – дрэды – нікуды не падзенецца:

Руся: “Я буду прыгожай нявестай з дрэдамі, вядома. Куды я без іх падзенуся?! Я нешта так люблю свае гэтыя дрэды, таму проста закручу з іх прыгожую прычоску, упрыгожу маленькімі кветачкамі, і буду самая прыгожая, як парцэлянавая лялечка!”

У падарожжа пасля вяселля маладыя не збіраюцца. Руся кажа, што ўвесь час рэпетуе і гастралюе з новым праектам. Калі ж здарыцца вольны тыдзень, пара не супраць схавацца ад усяго свету, закрыцца дома, займацца каханнем, глядзець кіно і слухаць музыку, ці павыключаць Інтэрнэт, ЖЖ, сайты, мабільныя тэлефоны і з’ехаць у вёску да сваіх сваякоў.

Руся шчыра прызнаецца, што выходзіць замуж ёй страшна, аднак лічыць, што ніякія закаханасці не могуць параўнацца з глыбінёй шлюбных пачуццяў.

Усе журналісты, дыджэі, гукачы, кіраўніцтва Еўрарадыё віншуюць Русю і Юрася са Святам! Шчасця, шмат дзяцей і сонечнай дарогі, Вам, Маладыя!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі