Сабаленка не выйшла ў фінал адкрытага чэмпіянату Францыі
Арына Сабаленка / https://twitter.com/WTA
Арына Сабаленка (2-я ракетка свету) не выйшла ў фінал адкрытага чэмпіянату Францыі. У чацвер у паўфінале яна ў трох сэтах прайграла Караліне Мухавай (43) з Чэхіі — 6:7(5:7), 7:6(7:5), 5:7. Паядынак працягваўся больш за тры гадзіны.
"Я не ведаю, што адбылося, — кажа чэшская тэнісістка. — Заўзятары падштурхоўвалі мяне ўвесь матч, гэта неверагодна. Я проста старалася змагацца, і гэта спрацавала. Я не ведаю, што здарылася. Я так рада".
Тым не менш, удзел у турніры ў Парыжы стаў для Сабаленка ўдалым — дагэтуль яна не даходзіла да паўфінала "Ралан Гарос". Больш таго, беларуская тэнісістка нарэшце заявіла: "Я не падтрымліваю вайну, то бок не падтрымліваю Лукашэнку менавіта цяпер". А дагэтуль пазбягала агульных прэс-канферэнцый і "правакацыйных пытанняў". Тым часам высветлілася, што Арына Сабаленка не хацела негатыўна выказвацца пра Аляксандра Лукашэнку з-за таго, што ён аднойчы дапамог ёй вырашыць сур'ёзную праблему.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.