Саладуха: Сыны сказалі, што на Еўрабачанні за мяне прагаласуе ўся краіна

Саладуха: Сыны сказалі, што на Еўрабачанні за мяне прагаласуе ўся краіна

21 лістапада завершыцца прыём заявак на “Еўрабачанне-2016”. Першымі пра сваё жаданне ўдзельнічаць у конкурсе заявілі “Песняры” і артыст прадзюсарскага цэнтра "Спамаш" Аляксей Грос. Беларускі дзяржаўны ансамбль плануе выступаць з песняй "Сокал" і прагне, каб родная беларуская мова з вуснаў “Песняроў” нарэшце прагучала на ўсю Еўропу. Аляксею Гросу дапамагла падрыхтавацца да конкурсу фанатка "Еўрабачання" з Аўстраліі: яна напісала словы да яго песні.

А вось фаварыты мінулагодняга глядацкага галасавання брастаўчане Muzzart пакуль не вызначыліся, ці спрабаваць ім яшчэ раз прабіцца на конкурс.

"Мы, шчыра кажучы, яшчэ думаем, ці варта дасылаць заяўку. Пакуль не вырашылі, хоць песню для конкурсу маем. І не адну", ― кажа баяніст Muzzart Уладзімір Круцікаў.

Саладуха: Сыны сказалі, што на Еўрабачанні за мяне прагаласуе ўся краіна

Любімчыкі адбору-2015 зомбі-бэнд Sweet Brains падрыхтаваў песню для сёлетняга “Еўрабачання”, але ці адправіць яе на конкурс, яшчэ не вызначыўся.

“Думкі такія ёсць, ёсць, што прапанаваць, але пакуль мы да канца не вырашылі, бо давядзецца ж спыніць працу над новымі песнямі!”, ― распавядае мэнэджар праекта Вікторыя.

Пад пытаннем і ўдзел у адборы гурта Milki, створанага Аляксандрам Рыбаком.

"Не гатовы цяпер адказаць, магчыма, нешта скажу праз тыдні два... Думаем...", ― кажа прадзюсар калектыву Андрэй Гузель.

Дарэчы, ніхто з артыстаў прадзюсарскага цэнтра "Гранд М'юзік", якім кіруе Андрэй Гузель, удзельнічаць у нацыянальным адборы не будзе. То бок, у конкурсе мы дакладна не ўбачым Сашу Нема, Ларысу Грыбалёву, Славу Ракіціна і Міс Нявесту.

Саладуха: Сыны сказалі, што на Еўрабачанні за мяне прагаласуе ўся краіна

Не збіраюцца сёлета скараць "Еўрабачанне" і былыя фаварыты. Зміцер Каракін з Litesound кажа (гурт пяць разоў браў удзел у конкурсе і прадстаўляў Беларусь на "Еўрабачанні-2012"), што нават пры вялікім жаданні не дасылаў бы заяўку, маўляў, трэба даць дарогу маладым. Не думаюць пра конкурс і фіналісты адбораў 2013 і 2014 гадоў гурт Nuteki. Сумняваюцца ў сваім выхадзе на сцэну сёлетняга адбору і фіналісты 2014 года Switter Boys. Не хоча больш "Еўрабчання" і Макс Лорэнс, лідар глядацкага галасавання ў пазамінулым годзе.

“За час і сілы, якія аддаюцца на падрыхтоўку нумара для "Еўрабачання", можна напісаць некалькі новых песень ці зняць кліп, ці знайсці іншыя шляхі, каб дагрукацца да слухача, дык навошта рызыкаваць і губляць гэта ўсё з вялікай верагоднасцю упустую, — кажа спявак і дадае. — Няхай маладыя ўдзельнічаюць, бо гэта класны спосаб заявіць пра сябе”.

Чарговае расчараванне чакае і фарумчан буйнейшых беларускіх парталаў: кароль поп-музыкі Аляксандр Саладуха не будзе ўдзельнічаць у сёлетнім "Еўрабачанні", бо не мае песні пад конкурс.

"Мне паведамілі мае сыны пра тое, што вырашаць будуць гледачы, і сказалі, што ўся краіна за мяне прагаласуе. Але няма пакуль песні, ніхто не прапанаваў. А я б, напэўна, з задавальненнем... З'ездзіў бы да Віктара Дробыша, пазнаёміліся б, але пакуль няма часу: увесь у гастролях, здымках, карпаратывах ― ужо на Новы год разарвалі на жмуты... Няма песні. А з бухты-барахты не будзеш жа падаваць!" ― прафесійна падыходзіць да справы Аляксандр.

А вось адна з рэкардсменак нацыянальных адбораў, Жанэт, збіраецца выступіць на конкурсе ў шосты раз. Прычым з песняй ад аўтараў-пераможцаў мінулагодняга "Еўрабачання"!

"Я ўдзельнічаю сёлета, таму што ў мяне ёсць шыкоўная песня, аўтарамі якой з'яўляюцца шведы ― пераможцы папярэдняга конкурсу. Я зрабіла прадакшн на беларускай, рускай і англійскай мове для таго, каб можна было працаваць як у Беларусі, так і ў Заходняй Еўропе. Працоўная назва беларускамоўнай версіі песні ― "Толькі для цябе", але я яшчэ не вырашыла, на якой мове буду спяваць на адборы. Хоць Белтэлерадыёкампанія і рэкамендуе беларускую мову, я не думаю, што ў тых, хто будзе спяваць па-беларуску, будзе высокі рэйтынг", ― распавядае спявачка.

Саладуха: Сыны сказалі, што на Еўрабачанні за мяне прагаласуе ўся краіна

Уладальніца другога месца на мінулагоднім нацыянальным адборы і фіналістка адбору-2014 Анастасія Малашкевіч плануе падаць заяўку бліжэй да 20-га лістапада. Цяпер спявачка разам з камандай дарабляе англамоўную песню пад назвай “Pray for love”, музыку да якой яна напісала разам з Аляксандрай Папковіч.

“Гэта песня пра любоў да людзей, да свету, заклік да таго, каб людзі былі дабрэйшымі адзін да аднаго, ― раскрывае сакрэты Анастасія. ― Песня цалкам адрозніваецца ад таго матэрыялу, які быў у папярэднія гады. Яна больш дынамічная, з яркай падачай, радыйная. Мне падаецца, што нарэшце я дасягнула таго ўніверсальнага варыянту, які патрэбны”.

Праслухоўванне ўдзельнікаў нацыянальнага адбору да “Еўрабачання-2016” пройдзе да 2 снежня: прафесійнае журы абярэ 15 фіналістаў. Фінал адбудзецца не пазней за 26 студзеня. Прадстаўніка ад Беларусі праз галасаванне вызначаць тэлегледачы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі