Самы скандальны баксёр свету зламаў руку аб беларуса

Знакаміты брытанскі баксёр-прафесіянал Дэрэк Чысора рыхтаваўся да паядынку з Тайсанам Ф’юры. Для трэніровачных спарынгаў у Лондан запрасілі мінчука Аляксандра Усцінава. Байцы праводзілі завяршальную трэніроўку, і Чысора траўмаваўся.

А ў сераду, 23 ліпеня, сусветнавядомыя медыі The Guardian і BBC паведамілі пра тое, што біцца з Тайсанам Ф’юры будзе “Беларускі гігант” (так у брытанскіх СМІ называюць Аляксандра Усцінава). Двубой адбудзецца у суботу, 26 ліпеня ў Манчэсцеры.

Траўмаваны Дэрэк Чысора праславіўся не толькі як здольны баксёр, але і як гарэза-скандаліст. Гэта ён даў аплявуху ўкраінцу Віталю Клічко перад іх двубоем. А на наступны дзень у рынгу плюнуў у твар Клічко-малодшаму. Таксама Чысора сядзеў за кратамі, бо надаваў кухталёў сваёй сяброўцы, якая перапісвалася па мабільніку з патаемным кавалерам. На яшчэ адной прэс-канферэцыі Дэрэк пабіўся з баксёрам Дэвідам Хэем і быў затрыманы нямецкай паліцыяй. Перад адным з паядынкаў паміж Чысорам і сапернікам усталявалі агароджу з празрыстага пластыку, каб не пабіліся да выхаду на рынг.

А вось з Аляксандрам Усцінавым скандальны брытанец адразу наладзіў таварыскія адносіны. І трэба ж было такому здарыцца, каб у самым апошнім спарынгу Чысора траўмаваўся.

“Цяпер я рыхтую ўсе медыцынскія дакументы. Гэта Еўропа, і там з медыцынай наўдалую не пройдзе, могуць не дапусціць да бою”, — перадае “Беларускі гігант” свае апошнія навіны.

Еўрарадыё: Якім чынам вам удалося замяніць Чысору ў такім касавым баі?

Аляксандр Усцінаў: “Дэрэк Чысора сам сказаў: “Яны вартыя таго, каб пабіцца замест мяне” (маюцца на ўвазе Аляксандр і яго трэнер Уладзімір Задзіран — Еўрарадыё). Я ім саступаю сваё месца”.

Еўрарадыё: А што здарылася з Чысорам? Ён сапраўды зламаў руку ў спарынгу з вамі?

Аляксандр Усцінаў: “Ну, так”.

Еўрарадыё: Тайсан Ф’юры — ці самы гэта моцны сапернік у вашай кар’еры?

Аляксандр Усцінаў: “Канечне, не. Самым моцным маім сапернікам быў Віталь Клічко, з якім я стаяў у парах”.

Еўрарадыё: На расійскіх форумах большасць заўзятараў перакананая, што Ф’юры пераможа Усцінава накаўтам. Сам англічанін — адзін з самых папулярных баксёраў свету. Ён пагражаў зняць скальп з Клічко і заявіў, што накаўтуе вас.

Аляксандр Усцінаў: “У маёй кар’еры гэта нармальная сітуацыя. Было вельмі шмат людзей, якія шмат і гучна крычалі. Але вынік усё адно паказвае рынг”.

Тайсан Ф'юры

У Аляксандра Усцінава ўнікальны спартовы лёс. Ён нарадзіўся на Алтаі і стаў АМАПаўцам, браў удзел у чачэнскай кампаніі. Калі Аляксандру было 25, яго заўважыў беларускі трэнер па кікбоксінгу Уладзімір Задзіран, які праводзіў у Новасібірску майстар-клас. Усцінаў звольніўся з АМАПа і пераехаў у Мінск, дзе з нуля пачаў займацца адзінаборствамі і ніколі не мяняў трэнера. За 12 гадоў Аляксандр атрымаў у Мінску вышэйшую адукацыю, стаў чэмпіёнам свету па муай-тай і кікбоксінгу а потым вырашыў перайсці ў прафесійны бокс. З 30 баёў ён перамог у 29. Прайграў Усцінаў толькі аднойчы — балгарыну Курбату Пулеву. А ў апошнім двубоі “Беларускі гігант” перамог легендарнага новазеландца Дэвіда Туа.

Цікава, што ў брытанскай прэсе пра Усцінава адгукаюцца вельмі паважліва. А ў расійскай чатыры з пяці каментароў негатыўныя, маўляў, Усцінаў павольны і прадказальны.

Аляксандр Усцінаў і яго трэнер Уладзімір Задзіран

“Калі Аляксандр сёння ў такой жа форме, як у паядынку супраць Туа, ён можа перамагчы Ф’юры без праблемаў, — лічыць вядомы беларускі спецыяліст па боксе Канстанцін Маханькоў. — Не лічу Тайсана Ф’юры топавым баксёрам”.

Еўрарадыё: Але ён сусветная знакамітасць. Ф’юры не баіцца нават  бясконца пагражаць братам Клічко.  

Канстанцін Маханькоў: “Рэйтынг не заўжды адпавядае таму, чаго насамрэч баец варты. Добра працуюць менеджары і прамоўтары. Ну і спрацоўвае язык без костак. Многія крычаць, што паб’юць Клічко. Гэта ўсё робіцца, таму што з Клічко можна зарабіць шмат грошай”.

Еўрарадыё: Усцінава паўсюдна крытыкуюць, што ён нібыта не мае тэхнікі. На вашую думку, ці праўда гэта?

Канстанцін Маханькоў: “У яго добрая манера пры яго антрапаметрычных дадзеных. Ён вялікі (рост —  каля 2 метраў, вага — каля 140 кг — заўв. Еўрарадыё), ён б’е з дальняй дыстанцыі. Удар у яго вельмі моцны. Мне здаецца, ён можа накаўтаваць Тайсана Ф’юры”.  

P.S. Еўрарадыё будзе сачыць за двубоем Усцінаў-Ф’юры ў жывым эфіры і аператыўна паведаміць пра вынік.

Фота budzma.by, bbc.co.uk, theguardian.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі