Сайт “Нашай Нівы” заблакаваў Мінінфарм, затрыманы галоўны рэдактар

Сайт “Нашай Нівы” заблакаваў Мінінфарм, затрыманы галоўны рэдактар

Сайт “Нашай Нівы” заблакавала Міністэрства інфармацыі Беларусі. У кароткім паведамленні адзначаецца, што гэта зроблена "на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі".

Згаданы пункт 38-га артыкула тычыцца інфармацыі "ад арганізацый, якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю, звестак, якія прапагандуюць спажыванне наркотыкаў, інфармацыі аб непаўналетніх без згоды законнага прадстаўніка, а таксама інфармацыі, накіраванай на прапаганду вайны, экстрэмісцкай дзейнасці або якая змяшчае заклікі да такой дзейнасці".

8 ліпеня стала вядома, што сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю "Нашай нівы". Супрацоўнікі СМІ перасталі выходзіць на сувязь, а ў некаторых з іх дома праходзяць ператрусы. Сайт выдання перастаў адкрывацца як у Беларусі, так і за мяжой.

У тэлеграм-канале @nashaniva паведамляецца, што сілавікі прыйшлі з ператрусам не толькі ў офіс "Нашай Нівы", але і да супрацоўнікаў бухгалтэрыі (ператрус у офісе бухгалтэрыі праводзілі супрацоўнікі цэнтральнага апарата МУС). Затрыманы галоўны рэдактар Ягор Марціновіч, у яго дома прайшоў ператрус. Ператрус прайшоў і дома ў рэдактара Андрэя Скурко, яго павезли на допыт. Няма сувязі з шэф-рэдактарам  Андрэем Дынько. Верагодна, ён таксама затрыманы.

Рэпарцёрка Наталля Лубнеўская і фатографка Шура Піліповіч-Сушчыц адпушчаныя пад падпіску аб неразгалошванні.

Ператрус і допыты супрацоўнікаў "Нашай Нівы" праводзяцца па артыкуле 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх) і артыкуле 293 КК (масавыя беспарадкі), паведамляе тг-канал @nashaniva.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі