Перастаў адкрывацца сайт "Нашай Нівы"
Сайт nn.by перастаў адкрывацца нават праз VPN
Сайт выдання "Наша Ніва" перастаў адкрывацца нават праз VPN. У Беларусі ён быў заблакаваны яшчэ ў жніўні 2020 года. Цяпер ён стаў недаступны і з-за мяжы.
Працягвае працаваць тэлеграм-канал выдання. Ён паведаміў, што знікла сувязь з некаторымі супрацоўнікамі рэдакцыі, у тым ліку з галоўным рэдактарам Ягорам Марціновічам.
"Мы дапускаем, што ў дадзены момант ён можа быць затрыманы, паколькі чытачы паведамляюць, што ў будынку, дзе ён знаходзіўся, бачылі супрацоўнікаў ГУБАЗіКа", — адзначылі ў рэдакцыі.
У Міністэрстве інфармацыі пацвердзілі блакаванне сайта. Там патлумачылі, што рашэнне аб абмежаванні доступу было прынята "на падставе паведамлення Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена п. 1 арт. 38 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.