Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

Еўрарадыё распавядае гісторыі сцягоў, якія прынеслі іх гаспадары 25 сакавіка на Дзень Волі да Опернага тэатра.

 

Міхаіл Бацян, 66 гадоў, і яго жонка, Людміла, 62 гады:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Муж працаваў дыпламатам у Вене. І пашпарты ў нас былі з пагоняй. А потым ужо ўсё адмянілі: усё пазбівалі, паламалі, перакрышылі. А гэтыя сцягі былі ў нас у амбасадзе, там, у Вене. Яны прама там віселі. У нас было тры сцягі. Адзін забралі ў 2006-м, калі на плошчы моладзь разганялі. Папрасіў адзін хлопец мой сцяг патрымаць, пакуль я на ноч дадому сыходзіла, бо ўжо старая баба. А іх раніцай затрымалі, і мой сцяг на вудачцы недзе загінуў. Цяпер вось два засталіся: гэты і дома адзін, 3 на 6, яго дачка пашыла. Я вырашыла яго не браць, бо тут мала плошчы. Відаць, не час яшчэ. Але аднойчы яго разгортвалі, у 2010-м 19-га снежня. Сёння ад раніцы ў нас на балконе рассада і сцяг. Людзі сабак выгульваюць, а я — сцяг. Свята ж. А так у шафе ляжаць, на жаль. Але як толькі якая нагода — бяру і выходжу. Мы ж і на Якуба Коласа сёння былі, а як пачаўся хапун пайшлі па-ціху сюды. Але на ўсялякі выпадак бутэрброды з сабой узяла”. 

 

Зміцер Кашавар, выдавец, 39 гадоў, і яго бацька Васіль, 69 гадоў, выкладчык:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Я набыў гэты сцяг у 93-м годзе ва ўнівермагу “Беларусь”, каб хадзіць на футбольныя матчы з сябрамі. Сябра набыў сцяг сярэдніх памераў, а я выбраў самы вялікі. З тых часоў я і пераехаў, сям’я стварылася, а шлях захаваўся. Ён шмат чаго перажыў: яго адбіралі, але я не аддаваў, хіба што з беспрытомнага цела яго можна было ўзяць. Я так выхаваны, што сцяг гэта святое. У 90-х я часта выходзіў на мітынгі, на стадыён да 97-га браў з сабой. Але калі паўстала пытанне, што сцяг забяруць, вырашыў не рызыкаваць і схаваць. Бацькі хавалі. На свята часам на балкон вывешвалі. Апошні раз я яго выносіў на вуліцу напрыканцы 90-х. Сёння вось вынеслі разам з бацькам”. 

 

Юрась, 42 гады, прадпрымальнік, жонка Таццяна, 41 год, бухгалтарка і іх сын

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Сцяг гэты ў мяне гадоў 15. Тады не было дзе набыць, я шукаў і знайшоў яго на ўправе БНФ. Ён у мяне ляжыць дома на стале. Пазней з’явіліся цікавыя сцяжкі, але гэты дома, як рэліквія. У мяне шмат сцяжкоў. У аўтамабілі адзін, у шафе… Можа дзесяць. Я глядзеў фільм пра Месі. Ён распавядаў, маўляў, было ўсё адно, абы кожны раз давалі б новы мяч. Так і тут: бачыш сцяжок, такі прыгожы — немагчыма ўтрымацца”.

 

Сяргей, лекар, мае за 50 гадоў:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Разам з жонкай мы хадзілі на шэсці ў 90-х. Так у нас у кватэры сцяг і застаўся да гэтага часу. Такі ўспамін пра тыя часы. Дома ён на шафе стаіць, на бачным месцы. Але ў нас ёсць яшчэ адзін сцяг, больш новы, яго сын набыў. Але сёння гэты трапіўся пад руку, як больш надзейны, таму ўзяў з сабой”. 

 

Вольга, 71 год, перакладчыца-пенсіянерка: 

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“У мяне тры такіх сцягі. Аднойчы я іх купіла на ўсялякі выпадак на адным з мітынгаў на выпадак, калі пойдуць мае сябры са мной. Гэта была 15-20 гадоў таму. Сцягі захоўваюцца ў шафе. Калі трэба – дастаю. Год таму я была з гэтым сцягам на шэсці на Чарнобыльскім Шляху. Увогуле я ў гэтым руху з першай лекцыі ў тэатральным інстытуце, якую чытаў Зянон Пазняк. У мяне ёсць фота, дзе 23 гады таму вось тут мы стаялі перад нашым тэатрам. Гэта было лета. Тады ў нас кожныя два месяцы былі святы. У мяне ёсць і значкі, і гадзіннік з нашай сімволікай, ёсць наша паштовая марка – я яе берагу, яна ляжыць у мяне ў ганаровым месцы”.

 

Леанід, 29 гадоў, бізнесмен:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Гадоў 10 таму хтосьці мне падарыў герб “Пагоня” і гэты сцяг. А сцяг, напэўна, родам з часоў Незалежнасці. Ён у мяне ляжыць складзены ў шафе, чакае свайго часу. Перыядычна з ім выходжу. Звычайна мы ходзім у паходы і на канцэрты і бярэм з сабой сцягі”.

 

Генадзь, 55 гадоў, начальнік выпрабаваўчай лабараторыі:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Я ўвогуле чалавек апалітычны, але сваю гісторыю кожны беларус мусціь ведаць. Як толькі Лукашэнка прыйшоў да ўлады, я выходзіў на дэманстрацыі са сваімі дзецьмі і пляменнікамі з гэтым сцягам. Мне падабаюцца колеры нашага сцяга, да таго ж, глядзіце, у мяне тут і радавы герб – я адмыслова патраціўся, каб быць далучаным да гістарычных момантаў. Хачу, каб мае дзеці пра гэта памяталі, а не проста хадзілі на канцэрты. Пад гэтым сцягам і мой брат выходзіць, і мае пляменнікі. Сцяг дома ляжыць. Калі настальгія бывае, дык я яго ў спальні магу павесіць . Я ўпэўнены, што мы вернемся да гістарычнай сімволікі. Калі ўжо расійцы прыйшлі да трыкалора, то мы таксама прыйдзем”.

 

Сяргей, 40 гадоў, юрыст-гаспадарнік:

 

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Мая маці прынесла гэты сцяг ад калегі з працы – яе сын быў у БНФ. Ён цяпер жыве ў Чэхіі. А мне тады дасталося два сцяга – гэта маленькі, самаробны, і больш вялікі, на драўляным дрэўцы, але ён пажоўк ад часу. Гэтаму сцяжку 25 гадоў. Ён ляжыць дома ў шафе, каб не выгараў. Да вясны 2006 года выкарыстоўваўся рэгулярна. А з таго часу даволі рэдка. Якая-ніякая маленькая гістарычная каштоўнасць”. 

 

Яўген Жук, 31 год, праграміст:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Гэты сцяг я забраў учора ў краме symbal.by. Гэта падарунак за фундатарства. Мець уласны сцяг я марыў яшчэ са школы. Але жыў у маленькім горадзе, і там іх не было. А цяпер склаўся лёс, што магу выйсці пад сваім сцягам”.

 

Наталля, 17 гадоў, школьніца:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Гэты сцяг раніцай мне дала мама. Яна сказала, што з гэтым сцягам была на плошчы мая бабуля ў 93-м годзе. Бабулі ўжо, на жаль, няма. А мама вырашыла, што гэтае свята больш для моладзі. Я паняцця не мела, што ў нас дома ёсць гэты сцяг, думала нават новы набываць. Але мала выручыла. Я нават не ведала, што ў нас дома ёсць сцяг. У маёй сям’і заўсёды лічылася, што гэты сцяг адзіны, дзяржаўны і правільны. Я ўпершыню выйшла на вуліцу са сцягам, бо гэта дазволена. Апранаючы сцяг на плечы і слухаючы размовы тут, на сцэне, у мяне выступаюць слёзы

 

Алесь Кургановіч, 26 гадоў, спецыяліст па продажах:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Гэты сцяг заўсёды ляжаў у мяне дома. Яго амаль ніхто не выкарыстоўваў, таму што бацька з’ехаў. Бацька набыў яго на першых выбарах прэзідэнта, калі сцяг яшчэ быў дзяржаўным, у 1994 годзе. Цяпер я паўсюль хаджу з гэтым сцягам. Ён цяпер мой. Апошнія гады чатыры я яго вельмі часта выгульваю. І па розных краінах з ім езджу. Ён пабываў на канцэртах і фестывалях ва Украіне, у Вільні, на “Басовішчы”. Але на тыя мерапрыемствы, дзе могуць яго адабраць, я хаджу без сцяга. Калі апранаю сцяг на плечы, адчуваю гонар, мне падабаецца назіраць за рэакцыяй людзей. Гэта такі правакатыўны цікавы момант”.

 

Юрый, навуковец, жонка Юлія і дачка Аляксандра:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Гэты сцяг з Гародні. Ён вісеў каля бальніцы хуткай дапамогі – там працуе мая сястра. І вось калі змянілі, на жаль, гэты сцяг, яго знялі, палажылі на склад, і там ён ляжаў разам з пацукамі. Але я яго забраў. Ён вісеў у маім пакоі, потым у пакоі ў інтэрнаце, калі я вучыўся ў аспірантуры. Дагэтуль мы бралі з сабой маленькія сцяжкі, а гэты баяліся, што адбяруць. А сёння ўзялі ў першы раз. Спадзяемся, аднойчы гэты сцяг вернецца на сваё старое месца”.

 

Ігар, 46 гадоў, рабочы: 

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Я набыў гэты сцяг незадоўга да таго, як яго забаранілі афіцыйна. У годзе 96-м. Ён вісіць у маім пакоі ў куце пад абразом. На жаль, выгульваю яго не так часта, як хацелася б. Бо гэта ўсё ж такі крамола на сённяшні дзень. Але пры любой нагодзе стараюся браць з сабой. Калі я яго нясу, адчуваю гонар, з’яўляецца ўзнёслы настрой. Гэта маё, гэта ў ва мне”.

 

Іна, 50 гадоў, юрыстка, Ігнат, 27 гадоў, распрацоўшчык, Хрысціна, 13 гадоў, сямікласніца:

 

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Гэты сцяг старэйшы за мяне, і я не ведаю, адкуль ён узяўся ў нашай сям’і. У 92-м годзе я сядзеў у таты на плячох з гэтым сцягам у Мінску каля Палаца Спорту. У мяне нават здымак захаваўся. Адказны за сцяг у нас бацька, але цяпер ён недзе тут гуляе са сваёй кампаніяй. Сцяг вісіць у нас у пакоі, захоўваецца, як святыня. Гэта наш амулет, якім мы прыцягваем незалежнасць і свабоду, гэта дух мараў нашай сям’і”. 

 

Арцём, 25 гадоў, гісторык:

 

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Ён у мяне ляжыць з 2010 года – перад выбарамі трэба было закупіцца сцягамі. Брат мой пашыў, а гэты сцяжок я набыў сядзібе БНФ. Танны быў. У мяне ёсць дома сцяна, дзе вісіць крыж, стаіць сцяг, там мае кніжкі, гітара. Такі своеасаблівы алтар. Сёння ўпершыню з таго часу ўзяў сцяжок з сабой”.

 

Яўген, 40 гадоў, інжынер, Дыяна, 27 гадоў, журналістка:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Гэты сцяг пашыла некалі Ніна Багінская. Я так разумею, што яна некалькі гадоў хадзіла з гэтым сцягам, а потым чамусьці вырашыла падарыць яго мне. Гэта было тры гады таму. Яна меркавала, што пойдзе на супакой, не будзе выходзіць, таму загадала мне працягнуць яе справу. Наказала, каб я быў яго варты. Канечне, я стараюся быць такім жа мужным і смелым, як яна. Некалі мы набывалі тканіну рулонамі, а Ніна Багінская шыла з яе сцягі. Сцягоў у мяне было больш за дзясятак. Яны луналі на канцэртах у Беластоку і Львове, на нейкім вялікім канцэрце ў мяне нават скралі сцяг. Выходжу са сцягам на святы і на пікеты. Гэта гонар – падняць сцяг”.

 

Нэля, 64 гады, Ганна, 40 гадоў, выкладчыца БДУ:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“У той час былі мітынгі і шэсці, і для гэтых мэтаў я пашыла гэты сцяг. Вось гэтая мая дачушка 20 гадоў таму хадзіла са мной на мітынгі з гэтым вось сцяжком. У тым ліку і ля Опернага тэатра мы былі тады. Добра, што тыя часы вярнуліся, і мы можам гэта паўтарыць. Сцяжок захоўваецца дома на відным месцы. Аднойчы мая ўнучка з ім гуляла, калі ёй было два гадкі. У тыя змрочныя часы, якія былі да гэтага дня, са сцягам на вуліцу выходзяілі нячаста”.

 

Васіліна, 25 гадоў, ландшафтны дызайнер, Аляксандр, 25 гадоў, менеджар, Федзя, год і дзевяць:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“Гэта сцяг маіх бацькоў, якія жывуць у вёсцы Маркава ля Маладзечна. У 95-м годзе ён вісеў на маркаўскім сельсавеце. А калі з’явіўся чырвона-зялёны сцяг, бел-чырвона-белыя збіраліся проста выкінуць. Бацькі яго забралі дадому. І вось ён столькі часу чакаў, каб сёння мы яго вынеслі ў людзі на вуліцу. Дагэтуль бацькі яго вывешвалі штогод на Дзень Волі на хату. А тут для яго першае свецкае мерапрыемства”.

 

Аня, 32 гады, бізнес-аналітык:

Сцяг і яго чалавек. Гісторыі ад Опернага тэатра

“У мяне два сцягі. Адным падзялілася з сяброўкай, бо прыйшла, басяк, без сцяга! Я жыву ў Кіеве, і летась там было “Еўрабачанне”. Я набыла квіток на фінал, але як туды ісці без сцяга? Муж мне даўно казаў, маўляў, пашый сабе сцяг. А тут жа трэба запарыцца! Аднак сустракаю хлопца, беларуса, які шые нашы сцягі! І ён мне шые з сёння на заўтра два сцягі. Я з імі пайшла на “Еўрабачанне” і балела за Naviband. Сцягі ляжаць у чырвоным кутку – побач з дакументамі і грашыма”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі