Сепаратысты ў Луганску забілі ганаровага консула Літвы
ЕС выступіў з заявай, у якой асуджаецца “выкраданне і жорсткае забойства” ганаровага консула Літвы ў Луганску Мікалая Зелянца.
У сувязі з гэтай трагедыяй Еўрасаюз заклікае Расію “спыніць дзеянні па дэстабілізацыі Украіны”.
Пра тое, што ў акупаваным сепаратыстамі Луганску быў забіты літоўскі дыпламат, стала вядома ў пятніцу.
“З глыбокім смуткам толькі даведаўся, што ганаровы консул Літвы ў Луганску Мікалай Зелянец быў выкрадзены і жорстка забіты тэрарыстамі”, — напісаў у сваім Твітэры міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.
Прадстаўнікі самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі пакуль ніяк не пракаментавалі гэту інфармацыю.
У заяве ЕС, выпушчаным пасля паведамлення Лінкявічуса, гаворыцца пра “жах і смутак у сувязі з выкраданнем і жорсткім забойствам Мікалая Зелянца незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі ў Луганску” і рашуча асуджаецца гэты тэрарыстычны акт.
“У сувязі з гэтым мы яшчэ раз заклікаем Расію неадкладна спыніць дзеянні па дэстабілізацыі Украіны і далучыцца да нашых намаганняў па аднаўленні міру і бяспекі ў гэтай краіне”, — цытуе заяву ЕС ВВС.