Севярынца не выпусцяць пасля 90 сутак арышту — на яго пачалі "крыміналку"
Павел Севярынец не выйдзе на волю 21 жніўня, як планавалася. На актывіста, які адбываў адміністрацыйны арышт, пачалі крымінальную справу.
Пра гэта паведаміла жонка апазіцыйнага палітыка ў Фэйсбуку.
"Толькі што званілі са Следчага Камітэту. Паведамілі, што на Паўла Севярынцаец заведзеная крымінальная справа, пакуль артыкул №108. Пасля размовы з адвакатам відавочна, што гэта крымінальная справа артыкула 293 — масавыя беспарадкі, як у Ціханоўскага, Статкевіча і іншых. Заўтра адвакат ідзе на допыт. Паша знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна", — напісала Вольга Севярынец.
Артыкул 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса дазваляе "затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства".
Павел Севярынец знаходзіцца ў ІЧУ з 7 чэрвеня. Яго затрымалі пасля пікета, які праходзіў на Камароўскім рынку сталіцы. На Акрэсціна ён адбываў адміністрацыйныя арышты, прысуджаныя яму за ўдзел у акцыях пратэсту. Агулам Севярынцу прысудзілі 90 сутак арышту.
Севярынец вядомы як актыўны вулічны палітык. Можна меркаваць, што яго вырашылі не выпускаць на фоне вулічных пратэстаў, якія праходзяць у розных гарадах і вёсках Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.