Шчукін не ведае, колькі ў яго было судоў і штрафаў, а ў Севярынца ўсё запісана

Еўрарадыё вырашыла знайсці сярод актывістаў апазіцыі лідэраў па колькасці судоў і суме прысуджаных штрафаў.
Улады і раней не асабліва цырымоніліся з актывістамі апазіцыі, выпісваючы ім штрафы за сапраўдныя і ўяўныя правапарушэнні. Як па адміністрацыйным, так і па крымінальным кодэксе. Рэдка хто выходзіў з залы судовых паседжанняў, абмежаваўшыся папярэджаннем. А з пачаткам дзеяння з 1 сакавіка новага адміністрацыйнага кодэксу сумы гэтых штрафаў павялічыліся ў некалькі разоў. Што ніякім чынам не паўплывала на актыўнасць апазіцыі і не зменшыла колькасць судовых спраў.

Еўрапейскае радыё вырашыла скласці хаця б прыблізны “рэйтынг” па колькасці судовых спраў і сумах выплачаных штрафаў сярод “дробных хуліганаў і мацершчыннікаў”.

Бясспрэчным лідэрам па колькасці судовых спраў з’яўляецца журналіст і правааборонца Валеры Шчукін. Ён нават не здолеў назваць хаця б прыблізную іх колькасць, бо даўно ўжо перастаў лічыць. Але тое, што больш за 20, упэўнены.

Валеры Шчукін: “Для мяне гэта не ўяўляе ніякай цікаўнасці. Якая мне розніца, колькі іх было. Дваццаць, трыццаць, сорак, пяцьдзесят…. Што гэта для мяне змяняе?”

Не здолеў “рэцыдывіст са стажам” і назваць суму выпісаных яму штрафаў. У пенсіянера Шчукіна вось ужо на працягу шмат год вылічваюць 20 адсоткаў з пенсіі. Больш па законе нельга. Якая назбіралася запазычанасць, журналіста таксама не цікавіць.

На другім месцы па колькасці судоў упэўнена трымаецца Павел Севярынец.

Павел Севярынец: “Затрыманняў агулам каля 50, судовых працэсаў – каля 20. Штрафаў у сумме 3,5 тысячы долараў”.

Далёка адстае і ад Шчукіна, і ад Севярынца па колькасці судовых працэсаў Крысціна Шацікава. Іх у яе “ўсяго” 7. Ці 8. Затое значна абыходзіць па суме прысуджаных штрафаў.

Крысціна Шацікава: “Улічваючы сённяшні суд, які будзе ў мяне праз пару гадзінаў, гэта, здаецца, сёмы альбо восьмы, калі мне давалі штрафы. Ужо маю каля 9 мільёнаў рублёў”.

На судзе Крысціне Шацікавай прысудзілі яшчэ 20 базавых – 620 тысяч рублёў. Што наблізіла агульную суму да 10 мільёнаў. Альбо 5 тысяч долараў.

Столькі ж прыцягненняў да адказнасці, але меней па суме штрафаў, мае актывіст “Маладога фронту” Алег Корбан.

Алег Корбан: “Сем адміністрацыйных судоў было і адзін па крымінальнай справе. А ўсяго крымінальная справа ўзбуджалася два разы. Штрафаў дзесьці на 55 мінімалак”.

Каля сямі судоў, але невялікую суму штрафаў мае на сваім рахунку і яшчэ адзін “маладафронтавец” Ілля Богдан. Тры разы толькі за гэты тыдзень судзілі актывіста “МФ” Зміцера Лісіенку. Працягваць пералік можна доўга. Асабліва, што тычыцца сябраў “Маладога фронту”. Па словах адваката Аляксандра Галіева, гэтая моладзевая арганізацыя з’яўляецца калектыўным лідэрам па колькасці судовых працэсаў.

Аляксандр Галіеў звяртае ўвагу на тое, што ў апошні час зменшылася колькасць асуджаных за парушэнне Закону “Аб масавых мерапрыемствах”. Затое, сведчыць Алег Корбан, павялічылася за “распаўсюд незарэгістраваных выданняў” і “дробнае хуліганства”. Апошняе дзеліцца на прыстойнае – “нанясенне графіці” – і “непрыстойнае”.

Алег Корбан: “Вось такое пішуць у пратаколах: “Ругался матом, нецензурная брань”…

Згодна з міліцэйскім пратаколам, гэта любіць рабіць, да прыкладу, лідэр БНФ Вінцук Вячорка. У “дробным хуліганстве” ёсць яшчэ адна “непрыстойнасць”. Аб ёй нагадаў Павел Севярынец, але папрасіў не агучваць яго голасам: “Спраўляў патрэбу ў грамадскім месцы”. У такіх паводзінах быў "заўважаны" Вячаслаў Сіўчык. Папулярны таксама артыкул “Супраціў законным патрабаванням міліцыі”.

Згодна з новым адміністрацыйным кодэксам, штраф, па жаданні правапарушальніка, можна замяніць “суткамі”. Павел Севярынец раіць не “сядаць” і не плаціць.

Павел Севярынец
: “Калі ласка, дарагія сябры, хай апісваюць маёмасць у маладых людзей-актывістаў. Маёмасці ў іх няма. Адкуль ім плаціць такія грошы? Таксама няма адкуль. Тады чакайце лепшых часоў, пакуль у Беларусі наступіць дэмакратыя. І будзем разбірацца: хто даваў такія штрафы, за што? І хто, у выніку, будзе ўсё жыццё расплочвацца”.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі