Эксперт: ядзерная зброя ў Беларусі, як ружжо на сцяне — можа стрэліць

“Іскандэр-М”, які можа несці ядзерную зброю, у Беларусі / Міністэрства абароны
“Іскандэр-М”, які можа несці ядзерную зброю, у Беларусі / Міністэрства абароны

Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін і яго расійскі калега Сяргей Шайгу падпісалі 25 траўня дакументы пра размяшчэнне ў нашай краіне тактычнай ядзернай зброі. Лукашэнка пакуль не пацвердзіў, ці прыехала яна ў Беларусь. Але тое, што ядзерная зброя з’явіцца ў Беларусі — гэта не проста пужалкі, лічыць палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман.

У эфіры Еўрарадыё эксперт расказаў, якія пагрозы гэта нясе і пры якіх умовах Пуцін можа выкарыстаць Беларусь для ядзернага ўдару.

 Калі мы размаўляем у катэгорыях нацыянальных інтарэсаў, тут найбольш відавочны выпадак, калі нешта гэтым інтарэсам не адпавядае. Таму што, па-першае, мы становімся закладнікамі, мішэнню, але таксама мы прывязваемся яшчэ больш шчыльна да Расіі. Прычым, мне здаецца, калі ядзерная зброя сапраўды з’явіцца і ў яе будзе сталае месца захоўвання з вайсковай базай, то вывесці яе будзе не проста складана. У яе ёсць добрыя шансы перажыць сённяшнія і беларускія, і расійскія ўлады. Гэта можа быць на вельмі-вельмі доўгі час, — кажа Шрайбман. — Паглядзім, што гэта будзе насамрэч. Пакуль нават не пацверджана, што яна будзе ў Беларусі. Але я не лічу, што гэта толькі блеф. Асноўная матывацыя — гэта ядзерны шантаж, калі ўкраінскі контрнаступ пойдзе па сцэнары, які Расіі не падабаецца.

Але праз тое, што Пуцін сам акрэсліў гэта наступным крокам эскалацыі, а Захад не купіцца на гэтыя запалохванні, раней ці пазней, мы прыйдзем да моманту, калі перад Пуціным стане выбар: “Так, на мае пагрозы не рэагуюць, што я раблю? Я падвышаю стаўкі далей”.

Тым больш ідэя размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі была агучаная не як запалохванне, а як планы. Адмовіцца ад іх азначае значныя рэпутацыйныя страты для Пуціна.

— Будзе проста выглядаць, што ён абвесціў крок, а потым яго нечым прыпугнулі і ён не зрабіў гэтага. Таму я амаль ўпэўнены, што раней ці пазней гэта зброя з’явіцца, калі яна яшчэ не з’явілася. Далей будзем глядзець. Версій шмат, ад даволі канспіралагічных, што Расія плануе ўжываць ядзерную зброю з тэрыторыі Беларусі, каб Беларусь была не тое, каб адказная, але каб удар у адказ прыйшоў у першую чаргу па ёй.

Пытанне ў тым, ці ёсць у Расіі такія планы на Беларусь. Мы не ведаем, але дакладна разумеем, як у Чэхава — калі ружжо вісіць, падвышаецца верагоднасць таго, што на наступным вітку эскалацыі мы прыйдзем у момант, калі падумаюць: “А чаго б не выкарыстаць, калі яна ёсць, калі мы сапраўды ўжо ў пункце гісторыі, калі альбо параза [Расіі ў вайне. — Еўрарадыё], альбо ядзерная зброя”.

Гэта каласальнае падвышэнне рызыкі для Беларусі. Бо на новым узроўні ўцягвае краіну ў патэнцыйны глабальны канфлікт, рэзюмуе эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі