Што хаваюць у Беларусі: колькасць хлеба для зэкаў і запазычанасці па дзяржкрэдытах

“Службовыя асобы, якія прынялі рашэнне аб аднясенні звестак да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання і прастаўленні на дакуменце, які змяшчае такія звесткі, абмежавальнага грыфа "Для службовага карыстання”, нясуць персанальную адказнасць за абгрунтаванасць прынятага рашэння. За разгалашэнне службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання, (…) работнік дзяржаўнага органа, юрыдычнай асобы нясе адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам”, — пагрозліва гаворыцца ў пастанове.

У спісе ажно 114 пазіцый, падзеленых на групы: “Мабілізацыйныя пытанні”, “Навука і тэхніка”, “Абарона і дзяржаўная бяспека”, “Вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва”, “Праваахоўная дзейнасць”, “Прамысловасць”, “Энергетыка”, “Транспарт”, “Знешнегандлёвая дзейнасць” і шэраг іншых.

Калі канкрэтней, то шараговаму грамадзяніну ніколі не даведацца, якія запазычанасці мае краіна па замежных крэдытах. Бо да абмежаванай у доступе інфармацыі адносяцца “сумы пратэрмінаванай запазычанасці па асобных крэдытах (пазыках), што фармуюць знешні дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь і знешні доўг, гарантаваны Рэспублікай Беларусь”. У Міністэрстве фінансаў Еўрарадыё расказваюць, што гэта ў прынцыпе не сакрэтная інфармацыя. Проста яна нідзе не публікуецца.

“Гэтая інфармацыя проста нідзе не публікуецца. Ні ў СМІ, ні на сайтах. Калі так ўстаноўлена законам”, — гавораць у прэс-службе Мінфіна.

Акрамя запазычанасцяў па крэдытах, нельга даведацца, напрыклад, колькасць чалавек, якія служаць у розных падраздзяленнях праваахоўных органаў. У дадатак “звесткі пра метады і спосабы вытворчасці зброі, выбуховых рэчываў”, “звесткі пра месцазнаходжанне баз, складаў баявой агнястрэльнай зброі”, а таксама “звесткі пра спосабы вырабу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў”.

Трапляюцца і больш дзіўныя пункты. Да “абмежаванай у доступе інфармацыі”, напрыклад, адносяцца звесткі пра колькасць хлебапрадуктаў, прададзеных папраўчым установам. Што ў такіх лічбах можа быць сакрэтнага, застаецца толькі здагадвацца.

Абмежаваныя ў доступе таксама “звесткі аб фармакалагічнай забеспячэнні спартыўнай медыцыны і спорту вышэйшых дасягненняў”, “дзяржаўныя тапаграфічныя карты маштабаў 1:200000 і 1: 100000 (1, альбо 2 кіламетры ў сантыметры)”, “звесткі аб дзейнасці Нацбанка, звязанай з канкрэтнымі аперацыямі на валютным рынку, рынку каштоўных металаў і каштоўных камянёў” і нават “схемы маршрутаў па перавозцы пошты”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі