Што вядома пра стралка, які адкрыў агонь па міліцыянерах

Што вядома пра стралка, які адкрыў агонь па міліцыянерах

Галоўная навіна 17 жніўня — гэта не нарада ў Аляксандра Лукашэнкі, прысвечаная кадрам, а трагічнае здарэнне ў Івацэвіцкім раёне. У вёсцы Бабровічы быў застрэлены з паляўнічай стрэльбы маёр міліцыі, яшчэ адзін міліцыянер атрымаў цяжкія раненні і знаходзіцца ў рэанімацыі. Стралка, які забарыкадаваўся ў хаце, затрымалі толькі праз некалькі гадзін "пры сілавой падтрымцы" байцоў спецпадраздзялення МУС "Алмаз" (па інфармацыі тэлеканала "Беларусь 1"). Пры гэтым выкарыстоўваліся спецсродкі.

Відавочцы кажуць, што ў Бабровічы, у якіх налічваецца некалькі дзясяткаў жыхароў, прыехалі дзясяткі машын праваахоўнікаў, у тым ліку і аўтазак. Са зламыснікам некалькі гадзін ішлі перамовы. Радыё Свабода паведамляе, што ў вёску прывозілі маці мужчыны. Магчыма, яе спрабавалі выкарыстаць падчас перамоваў.

У афіцыйных паведамленнях ёсць супярэчнасці. Па адной версіі, міліцыю выклікалі суседзі з-за неадэкватных паводзінаў мужчыны. Па іншай версіі, трое міліцыянераў праводзілі рэйд — планава правяралі, як захоўваецца паляўнічая зброя. МУС інфармуе, што ў міліцыі былі звесткі пра "незарэгістраваную паляўнічую стрэльбу".

У рэпартажы АНТ 57-гадовага стралка называюць "паляўнічым са стажам" (з 2000 года). Яго стрэльба ТОЗ-34 была зарэгістраваная. У 2015 годзе вясковец атрымаў меддаведку на 3 гады, яна заканчвалася ў лістападзе сёлета.

Адзначаецца, што міліцыянеры не паспелі даць адпор. Маёр быў смяротна паранены ў галаву, а другі атрымаў раненні ў спіну (па іншай інфармацыі, у яго шматлікія раненні грудной клеткі).

Крымінальную справу распачалі па артыкулах "забойства асобы ў сувязі са здзяйсненнем ёй службовай дзейнасці", "замах на забойства двух асобаў у сувязі са здзяйсненнем імі службовай дзейнасці". Затрыманага чакае асведчанне, каб высветліць, ці быў ёй у наркатычным ці алкагольным ап'яненні. Мужчыну чакае псіхолага-псіхіятрычная экспертыза.

Адны вяскоўцы нічога кепскага пра мужчыну не кажуць, не могуць зразумець, як такое магло здарыцца. Іншыя яго называюць "дзіўнаватым".

Стралок жыў адзін, раней працаваў вартаўніком на адным з прадпрыемстваў, але апошнім часам быў беспрацоўным. Па некаторых звестках, у яго вышэйшая адукацыя, раней ён займаўся бізнесам. У Бабровічы прыехаў некалькі гадоў таму. У яго ёсць браты і сёстры. Раней ён даглядаў маці, але цяпер яна жыве ў адной з дачок.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі