Шукаюць партызан? СК апытвае жыхароў Віцебскай вобласці пра здарэнне на чыгунцы
![Спаленая рэлейная шафа на чыгунцы / Прэс-служба МУС](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/schkaf_29_06_2.jpg.webp?itok=m1Iyk3dZ)
Спаленая рэлейная шафа на чыгунцы / Прэс-служба МУС
Жыхароў Віцебскай вобласці масава выклікаюць на гутаркі ў СК. Усім задаюць прыблізна адны і тыя ж пытанні пра надзвычайнае здарэнне на чыгунцы, паведамляюць праваабаронцы. Яны мяркуюць, што апытанні праводзяцца ў рамках крымінальнай справы аб "дыверсіях". Людзі, якіх апыталі, маюць статус сведкаў.
На гутаркі ў СК выклікалі жыхароў Віцебска, Наваполацка і Оршы. Як правіла, усё гэта людзі, якія "засвяціліся" падчас мірных пратэстаў 2020-га года і трапілі ў міліцэйскую базу, адзначаюць праваабаронцы.
Раней у сераду стала вядома, што СК перадаў у пракуратуру для накіравання ў суд крымінальную справу групы "рэйкавых партызан". У справе тры фігуранты. Паводле версіі следства, яны ў ноч на 1 сакавіка падпалілі рэлейную шафу. Ім прад'яўленыя абвінавачванні па цэлым шэрагу артыкулаў, у тым ліку па артыкулах "Акт тэрарызму" і "Здрада дзяржаве". СК падкрэслівае, што мужчынам можа пагражаць смяротнае пакаранне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.