У суд збіраюцца перадаць крымінальную справу групы "рэйкавых партызан"

У суд збіраюцца перадаць крымінальную справу групы "рэйкавых партызан"

У суд збіраюцца перадаць крымінальную справу групы "рэйкавых партызан". Іх абвінавачваюць у здзяйсненні вясной 2022-га "акта тэрарызму" на чыгунцы ў Беларусі. Прэс-служба Следчага камітэта называе фігурантаў справы "здраднікамі Радзімы". Адзін з іх — 29-гадовы жыхар Светлагорска. Яго прозвішча не называецца, але ў сакавіку міліцыя паведаміла пра затрыманне Дзяніса Дзікуна.

Сцвярджаецца, што ў лютым 2022-га пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны мужчына атрымаў ад былых беларускіх сілавікоў заданне аб правядзенні акцый па пашкоджанні чыгуначнай інфраструктуры ў Гомельскай вобласці. Дзікун далучыў дваіх знаёмых ва ўзросце 33 і 51 года. Уначы на 1 сакавіка была падпалена рэлейная шафа з абсталяваннем. Страты ацанілі на 55 тысяч рублёў.

З Дзянісам Дзікуном затрыманыя Дзмітрый Равіч і Алег Малчанаў. Іх усіх трох у чэрвені КДБ уключыў у "тэрарыстычны спіс". А праваабаронцы яшчэ ў красавіку прызналі палітвязнямі.

Сцвярджаецца, што яны супрацоўнічаюць са следствам. На іх маёмасць накладзены арышт (на суму больш за 57 тысяч рублёў). Абвінавачванні выстаўлены па артыкулах: "удзел у экстрэмісцкім фарміраванні", "акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы", "наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць шляхоў зносін, які пацягнуў цяжкія наступствы" і "здрада дзяржаве". СК падкрэслівае, што мужчынам можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Крымінальную справу атрымаў пракурор для накіравання ў суд.

"Рэйкавыя партызаны" актывізаваліся ў Беларусі пасля расійскай агрэсіі супраць Украіны. Пра іх распавядалі і працягваюць распавядаць сусветныя СМІ. Падчас затрыманняў сілавікі паранілі некалькі чалавек. Каб спыніць партызанскі рух, у Беларусі ўвялі смяротную кару за "замах на ўчыненне акту тэрарызму".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі