Шведскі хакейны клуб адмовіўся ляцець у Беларусь
Эмблема "Лександа" / www.leksandsif.se
Шведскі хакейны клуб "Лександ" (Leksands IF) адмовіўся ляцець у Беларусь на матч супраць мінскага "Юнацтва". Каманды мусілі згуляць у рамках групавога этапу Лігі чэмпіёнаў сезона 2021/22.
"Міжнародная федэрацыя хакея раней прыняла рашэнне не праводзіць мужчынскі чэмпіянат свету па хакеі ў Беларусі. Нядаўна Міжнародная федэрацыя біятлона таксама перанесла запланаваныя спаборніцтвы з Беларусі [Этап Кубка свету 2021/2022 перанеслі з Раўбічаў у Кантыялахці. — Еўрарадыё]. Грунтуючыся на інфармацыі, якую мы маем, мы не бачым прычын для якой-небудзь іншай рэакцыі. "Лександ" не будзе гуляць у матчы Лігі чэмпіёнаў, які запланаваны ў Мінску.
Пры гэтым мы не збіраемся дамагацца выключэння "Юнацтва" і будзем прымаць іх дома, як і ўсе іншыя каманды", — кажа прадстаўнік шведскага клуба Клайс Бергстрам.
Гэта не першы выпадак, калі замежныя хакеісты адмаўляюцца прыязджаць у Беларусь. 3 верасня 2020 года, у разгар вулічных пратэстаў, якія ахапілі Беларусь, фінскі хакейны клуб "Ёкерыт" не вылецеў з Хельсінкі ў Мінск, каб згуляць у матчы чэмпіянату КХЛ з мінскім "Дынама".
Чакалася, што "Ёкерыт" прыляціць на гульню і пасля яе адразу выправіцца назад. Аднак у аэрапорце Хельсінкі каманда так і не з'явілася. Напярэдадні фінская прэса і спартыўная грамадскасць звярталіся да хакеістаў з прапановай адмовіцца ад візіту ў Мінск. На іх думку, матч у Мінску выглядаў бы падтрымкай рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і рэпрэсій супраць мірных пратэстоўцаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.