Швейцарыя запатрабавала ў Макея вызваліць Наталлю Хершэ
Уладзімір Макей і Ін'яцыа Касіс
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 22 снежня пагаварыў па тэлефоне з кіраўніком Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі Ін'яцыа Касісам. Сутнасць размовы прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў перадалі абсалютна па-рознаму.
Вось пра што Макей і Касіс гаварылі па версіі прэс-службы МЗС Беларусі:
"Былі абмеркаваныя актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, магчымасці для далейшага развіцця канструктыўнага дыялогу паміж Беларуссю і Швейцарыяй. Кіраўнік МЗС Беларусі падкрэсліў бесперспектыўны і разбуральны характар санкцый як інструмента знешняй палітыкі ў сённяшнім узаемазалежным свеце. Быў пацверджаны значны патэнцыял раўнапраўнага і прагматычнага супрацоўніцтва абедзвюх краін".
А вось што Ін'яцыа Касіс напісаў пра размову ў твітары:
"Гвалт з боку сілавікоў недапушчальны. Добра, што дыялог працгваецца. Наталля Хершэ знаходзіцца пад консульскай абаронай. Амбасада Швейцарыі ў Беларусі кантактуе з ёю і сочыць за яе яе справай. Наша суграмадзянка мусіць быць вызваленая".
Як быццам бы дыпламаты не слухалі адзін аднаго!
Наталля Хершэ — беларуска па нараджэнні, але 12 апошніх гадоў пражыла ў Швейцарыі. Пасля выбараў яна вырнулася ў Беларусь і неўзабаве апынулася за кратамі, бо сарвала балаклаву з байца АМАП. Суд пакараў Хершэ 2,5 гадамі пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.