Сіноптыкі абяцаюць беларусам у навагоднюю ноч мароз і невялікі снег
Зіма ўмацоўвае свае пазіцыі ў Беларусі. Сіноптыкі абяцаюць беларусам у навагоднюю ноч мароз і невялікі снег. Будзе ад мінус 9 да мінус 15 градусаў, а месцамі да 16-18. А вось 1 студзеня ўдзень прагназуецца 5-10 градусаў ніжэй за нуль, паведаміў БЕЛТА Дзмітрый Рабаў, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Што да бліжэйшых дзён, дык у аўторак у начныя гадзіны будзе 3-9 градусаў ніжэй за нуль, у дзённыя — мінус 1-7. Месцамі пройдзе невялікі снег. Без істотных ападкаў будзе і ў сераду, 30 снежня. Уначы пахаладае, чакаецца 7-14 градусаў ніжэй за нуль (месцамі да мінус 17), удзень — 2-8 марозу.
Маразы будуць узмацняцца ў першыя дні 2016 года. Да канца тыдня ўначы будзе да 20-23 марозу, удзень — да 15-17 градусаў ніжэй за нуль.
Фота: БЕЛТА