СК: Казлоў "выкарыстоўваў грамадзян Беларусі ў нізкіх мэтах сваіх куратараў"
Следчы камітэт працягвае заводзіць крымінальныя справы за пратэсты 2020 года. За апошнія паўгода ў Мінску затрымалі больш за 280 пратэстоўцаў. 238 з іх ужо выставілі абвінавачанні па крымінальных справах. Такія лічбы дзяржаўнаму інфармагенцтву БЕЛТА назваў начальнік сталічнага ўпраўлення Следчага камітэта Сяргей Паско.
Удзельнікаў акцый пратэсту Паско называе "прадстаўнікамі вулічнага тэрору".
Асобна ён расказаў пра 55-гадовага лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. "У жніўні 2020 года ён не толькі прымаў актыўны ўдзел у масавых бясчынствах на вуліцах Мінска, але і актыўна выкарыстоўваў грамадзян Беларусі ў нізкіх мэтах сваіх куратараў. Мікалай Казлоў кіраваў радыкальна настроеным натоўпам, даваў пратэстоўцам указанні, заклікаў блакаваць дарогі і перашкаджаць праезду тэхнікі", — заявіў Паско.
Цяпер на апазіцыянера пачалі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Экс-падпалкоўніка міліцыі трымаюць пад вартай.
Згадаў сілавік і пра 25-гадовага хлопца, які ў кастрычніку 2020-га нібыта напаў на журналістаў дзяржаўнай тэлевізіі. "Дэманструючы сваю ўсёдазволенасць і агрэсію, ён напаў на журналіста і аператара аднаго з тэлеканалаў, біў і штурхаў іх, вырываў з рук мікрафон і спрабаваў пашкодзіць абсталяванне", — перадае БЕЛТА.
Следчыя Мінска, па словах Паско, стварылі крыміналістычную відэатэку з сотні тысяч файлаў. Дзякуючы іх аналізу высветленыя асобы больш як 1400 пратэстоўцаў. Збор і аналіз матэрыялаў па-ранейшаму працягваецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.