Сліжэўскі: заснавальнікі палітычных партый мусяць стала жыць у Беларусі
Заснавальнікі палітычных партый мусяць стала жыць у Беларусі. Інакш яны не атрымаюць дазволу. Пра гэта па выніках нарады ў Аляксандра Лукашэнкі заявіў міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі. Ён нагадаў, што на сённяшні дзень стваральнікам дастаткова быць грамадзянамі нашай краіны. Аднак рыхтуецца праект зменаў у закон "Аб палітычных партыях". Сліжэўскі не выключае, што новаўвядзенне будзе дзейнічаць не толькі ў адносінах заснавальнікаў, але і членаў партый, паведамляе БЕЛТА.
З аднаго боку, гэта ўдар па КХП-БНФ, якую ачольвае палітэмігрант Зянон Пазняк, які не быў на радзіме з 1996 года. З іншага боку, гэта папераджальная акцыя на выпадак спробаў рэгістрацыі палітуцекачамі новых партый у Беларусі. Як вядома, пра намер стварыць партыю заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, экс-міністр культуры Павел Латушка. Ён ўсведамляе, што партыю не зарэгіструюць, але разлічвае зрабіць гэта, "як толькі ў краіне з'явяцца палітычныя і прававыя ўмовы".
На нарадзе ў Лукашэнкі было заяўлена, што за фінансаванне партыі з-за мяжы яе могуць ліквідаваць. Перарэгістрацыя партый мусіць быць праведзена да канца 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.