Слуцкі мясакамбінат: “Наша мяса не гнілое, яно добрае па якасці”

— Тут жа дыхаць няма чым. Ты што, народ будзеш карміць гэтым?!

— Аляксандр Рыгоравіч...

— Ідзі панюхай!

— За 4 гады тут практычна магчыма было ўсё зрабіць, як вы хочаце.

— Я нічога не хачу. Можна было нічога не рабіць, але ў нармальных умовах захоўваць прадукцыю.

Так кіраўнік краіны зноў выпадкова зайшоў на Слуцкі мясакамбінат, дзе знайшоў сапсаваную прадукцыю. Галоўны тэхнолаг прадпрыемства каментаваць сітуацыю для Еўрарадыё не стаў.

"Каментарыі я даваць не буду, але пра тое, што яно гнілое, — яно не гнілое, яно добрае па якасці мяса".

Сам мясакамбінат цяпер працуе, але займаецца рамонтам будынкаў. Прадукцыю будуць вырабляць яшчэ тыдзень. Потым нехта будзе займацца рамонтам, нехта пойдзе ў адпачынак. Кажуць, што па магчымасці за кошт прадпрыемства. Але запэўніваюць Еўрарадыё, што набываць прадукцыю можна: "Набывайце без сумневу ўсё і ешце".

Наводзіць парадак на прадпрыемстве даручаюць кіраўніку Мінаблвыканкама Сямёну Шапіру. Калі не справіцца за месяць, паедзе працаваць сюды дырэктарам, пагражае Лукашэнка:

"Усіх вінаватых у камеру, няхай кампенсуюць шкоду. Усё павінна быць перапрацавана. Усё, што сапсаванае, няхай ядуць. Пакінеш іх тут, нікога не выпускай, няхай ядуць".

У сыравінным аддзеле прадпрыемства запэўніваць, што сапсаванага мяса ў іх няма.

"Гнілога мяса не было. Можаце ў першага намесніка Шапіры спытаць. Гэта ляжала проста вымерзлае мяса, але не гнілое. Сёння мы гэтую сітуацыю разбіралі з першым намеснікам Шапіры, і ён кажа, што нават не чуў паху гнілля".

Мяса працяглага захоўвання, якое ляжала на складзе, можа выкарыстоўвацца для вытворчасці, але чаму яно ляжала, адказаць не бяруцца.

А вось у мясцовай слуцкай санстанцыі кажуць, што па дамове прадукцыю мясакамбіната правярае "Слуцкі цэнтр стандартызацыі". Але і санстанцыя як кантралюючы орган рабіла праверкі.

"Па нашых праверках, уся прадукцыя, адабраная у перыяд правядзення праверкі, была задавальняючая, добрая".

А вось у Цэнтры стандартызацыі пра якасць прадукцыі не кажуць, бо не маюць права агучваць такую інфармацыю.

"Мы даём падпіску аб неразгалошванні канфідэнцыйнай інфармацыі".

Таму інфармацыю пра вынікі праверкі якасці прадукцыі ў цэнтры нам не кажуць. У эфіры АНТ намеснік начальніка аддзела Камітэта дзяржаўнага кантролю Дзмітрый Хвайніцкі сказаў, што камітэт праверыў ад пачатку года 9 мясакамбінатаў. Грубыя парушэнні захоўвання прадукцыі знайшлі толькі ў Слуцку.

Праўда, на сайце КДК большасць праверак запланаваныя на травень. Відаць, што пасля сітуацыі ў Слуцку камітэт пачаў актыўна правяраць усе мясакамбінаты, бо і зараз Дзмітрыя Хвайніцкага ў кабінеце няма.

"Ён і сёння на мясакамбінаце на такіх жа праверках", — адказалі ў КДК.

Пасля візіту Лукашэнкі затрымалі кіраўнікоў Слуцкага мясакамбіната (відэа)
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі