СМІ: Легендарнага Марадону запрашаюць на працу ў Беларусь
Легендарнага Дыега Марадону запрашаюць на працу ў Беларусь. Пра гэта паведамляе італьянскае выданне Corriere della Sera са спасылкай на аргентынcкі тэлеканал TyC Sports. Паводле інфармацыі крыніцы, гаворка ідзе пра магчымую працу з нацыянальнай зборнай. Апроч таго, Марадону запрашаюць у якасці трэнера два беларускія футбольныя клубы. Спецыяліст цяпер мае таксама прапановы з Турцыі, Кувейта і ААЭ, але беларускі варыянт для яго найбольш прывабны.
Тым часам СМІ таксама паведамляюць, што агент Матыяс Морла, які прадстаўляе інтарэсы Марадоны, у ноч з суботы на нядзелю накіраваўся ў Дубай, дзе ў панядзелак, 14 траўня сустрэнецца з уладальнікам брэсцкага “Дынама”. Такую інфармацыю дае аргентынскае выданне Clarin. Паводле агента, трэба прааналізаваць усё — пераезды, магчымую гульню пры нізкіх тэмпературах, узровень гульцоў і магчымыя ўзмацненні.
Таксама агент Марадоны правядзе перамовы з прадстаўнікамі зборных Саудаўскай Аравіі і Кувейта.