Спісы неўязных у Беларусь будзе правяраць "Белавія"

2 красавіка на сесіі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні былі прынятыя змены ў заканадаўства па памежнай бяспецы. З дакладам выступаў старшыня Памежнага камітэта Леанід Мальцаў. Ён прапанаваў абавязаць міжнародных перавозчыкаў правяраць замежных турыстаў, ці ёсць у іх права на ўезд у Беларусь.



Па словах Мальцава, змены ў першую чаргу датычаць кампаніі "Белавія". Так, у 2013 годзе 1144 пасажыры авіякампаніі прыляцелі ў Беларусь, але не змаглі трапіць на тэрыторыю краіны. Сярод іх былі 433 пасажыры, якім забаронены ўезд у Беларусь, а 711 чалавек атрымалі адмову ў атрыманні візаў.



Паколькі пасажыры не здзяйснялі парушэнняў, то затрымаць іх беларускія ўлады не маглі. Замежнікі знаходзіліся ў транзітнай зоне. "Белавія" адмаўлялася адпраўляць іх назад за свой кошт. Калі ў замежніка не было грошай на зваротны квіток, то ў транзітнай зоне ён знаходзіўся тыднямі, пакуль вырашалася яго пытанне.



Цяпер прапануецца, каб супрацоўнікі "Белавіі" перад вылетам правяралі, ці мае пасажыр права ўезду ў Беларусь. Калі ён усё ж прыляціць беларускім самалётам, то "Белавія" будзе абавязаная за свой кошт вярнуць яго назад.



Фота — nnm.me

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі