Справу Марыі Калеснікавай і Максіма Знака будзе разглядаць Мінаблсуд

Марыя Калеснікава і Максім Знак / @viktarbabarykaofficial​
Марыя Калеснікава і Максім Знак / @viktarbabarykaofficial​

Справу чальцоў прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай і Максіма Знака будзе разглядаць Мінскі абласны суд, паведаміў адвакат Дзмітрый Лаеўскі. Справа ўжо перададзеная ў суд для разгляду.

Марыю Калеснікаву і Максіма Знака абвінавачваюць па трох артыкулах КК: у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357), у закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны (ч. 3 арт. 361) і ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання (ч. 1 арт. 361-1).

Паводле версіі следства і пракуратуры, "абвінавачаныя сумесна з іншымі асобамі не пазней за 16 ліпеня 2020 года ўступілі ў таемную змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам". 

Для гэтага фігуранты справы планавалі выкарыстоўваць "апрабаваную ў шэрагу краін методыку", якая "меркавала акумуляванне прадстаўнікоў пратэснага руху для фармавання неарганізаванай масы людзей як інструменту дасягнення мэтаў і спосабу фармавання пратэснага настрою ўдзельнікаў". Так лічаць у пракуратуры.

Дата пачатку працэсу пакуль не вядомая, адзначыў Дзмітрый Лаеўскі. Ён таксама нагадаў, што абарона цягам усяго дасудовага следства спрабавала аспрэчыць абвінавачванне: адвакаты не бачаць складу злачынства ў дзеяннях Марыі Калеснікавай і Максіма Знака.

"Мы пакажам у судзе, што абвінавачванне не мае ніякіх прававых падстаў", — падкрэсліў Дзмітрый Лаеўскі.

Марыя Калеснікава летась працавала ў штабе Віктара Бабарыкі, а затым далучылася да каманды Святланы Ціханоўскай. У мінулым верасні спецслужбы спрабавалі вывезці Калеснікаву ва Украіну. Аднак яна адмовілася пакідаць краіну і парвала на мяжы свой пашпарт. З тых часоў яна знаходзіцца ў зняволенні.  

Адваката Максіма Знака таксама затрымалі ў мінулым верасні. На знак пратэсту супраць незаконнага затрымання ён абвяшчаў у СІЗА галадоўку.

Праваабаронцы прызналі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі