Стала вядома, як Лябедзька можа застацца ў прэзідэнцкай кампаніі
Пра магчымасці, якія дае Выбарчы кодэкс, у каментары Еўрарадыё распавёў эксперт у выбарчым праве Сяргей Альфер.
21 жніўня — апошні дзень збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Мяркуючы па ўсім, ініцыятыўная група старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі не паспее сабраць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў. Тым не менш Лябедзька заявіў, што застаецца ў прэзідэнцкай кампаніі.
У каментары Еўрарадыё палітык патлумачыў, што такую магчымасць яму дае 45-ы артыкул Выбарчага кодэксу. У гэтым артыкуле гаворыцца пераважна пра магчымасці зарэгістраванага кандыдата ў прэзідэнты.
Аднак спецыяліст у выбарчым праве Сяргей Альфер распавёў Еўрарадыё, што скарыстацца магчымасцямі артыкула могуць і іншыя грамадзяне.
Альфер: "Што датычыць Анатоля Лябедзькі, то ён, думаю сыходзіць з таго, што кожны грамадзянін (і 45-ы артыкул Выбарчага кодэксу дае гэтае права!) мае права абмяркоўваць праграмы тых ці іншых кандыдатаў у прэзідэнты. І тут забараніць вельмі і вельмі цяжка. Ён будзе гэтым карыстацца".
Праўда, эксперт не бярэцца прагназаваць, ні як будзе выкарыстоўваць сваё права Лябедзька, ні — як на гэта будуць рэагаваць органы ўлады.