Стала вядома, за што звольнілі кіраўнікоў "Белдзяржхарчпрама" і "Мінск Крышталя"
Старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандр Забела і гендырэктар ААТ "Мінск Крышталь" — кіруючая кампанія холдынгу "Мінск Крышталь Груп" Станіслаў Ёдзіс звольненыя 21 і 22 кастрычніка адпаведна. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ўрада.
Раней інфармацыя пра адстаўку Забелы з'явілася неафіцыйна. Паведамлялася, быццам ён падаў заяву пасля таго, як на мінулым тыдні ім зацікавіліся сілавікі. Калектыву чыноўнік патлумачыў, што прычынай стала карупцыя ў холдынгу "Мінск Крышталь Груп".
У прэс-службе ўрада пацвердзілі выяўленыя факты карупцыі на шэрагу прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сістэму канцэрнаў "Белдзяржхарчпрам" і "Белнафтахім". У сувязі з гэтым на ААТ "Мінск Крышталь", ААТ "Віцебскі лікёра-гарэлачны завод "Прыдзвінне", ААТ "Пінскі вінаробны завод", а таксама ў ААТ "Хімрамонт" былі звольненыя сем работнікаў з розных кіруючых пасадаў.
У КДБ агенцтву БЕЛТА паведамілі, што карупцыйныя схемы ў алкагольнай галіне насілі сістэмны характар. Напрыклад, заснавальнікі фірмаў "Эталон-Маркет" і "Фінікон" за хабар лабіравалі свае інтарэсы па пастаўцы абсталявання, прэпаратаў ды іншых кампанентаў для дзяржаўных заводаў. Памер "ўзнагароджанняў" складаў ад 500 долараў да 15 тысяч еўра.
У карупцыйнай схеме былі задзейнічаныя дзяржпрадпрыемствы розных рэгіёнаў, таму аператыўнікі адначасова працавалі ў Мінскай і Віцебскай абласцях. Ім удалося пры атрыманні хабараў затрымаць службовых асобаў прадпрыемстваў. У аднаго з затрыманых падчас ператрусу канфіскавалі 75 тысяч долараў.
Затрыманыя далі прызнальныя паказанні і супрацоўнічаюць са следствам. На сем чалавек пачалі крымінальныя справы за атрыманне хабару. Чатыры чалавекі ўзятыя пад варту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.