Стан Сяргея Скрыпаля палепшыўся, лекары ўжо не ацэньваюць яго, як крытычны
Стан Сяргея Скрыпаля, экс-палкоўніка ГРУ, атручанага ў Вялікабрытаніі, палепшыўся, інфармуе “Бі-Бі-Сі”. “Ён добра рэагуе на лячэнне, яго стан хутка паляпшаецца і больш не з’яўляецца крытычным”, — заявіла галоўны лекар бальніцы Солсберы Крысцін Бланшард.
Сяргей Скрыпаль быў асуджаны ў Расіі за шпіянаж на карысць Вялікабрытаніі. Аднак яго абмянялі на расійскіх агентаў, затрыманых у ЗША, і Скрыпаль змог выехаць за мяжу. Ён жыў у Вялікабрытаніі. 4 сакавіка Скрыпаля і яго дачку Юлію знайшлі ў цэнтры Солсберы на лаўцы без прытомнасці. Брытанскія ўлады лічаць, што супраць іх маглі выкарыстаць нервова-паралітычнае рэчыва класу “Навічок” і што за нападам можа стаяць Расія. Масква гэтыя абвінавачанні адмаўляе. Адбылася ўзаемная высылка дыпламатаў. Вялікабрытанію ў гэтай сітуацыі падтрымалі дзясяткі краін, у тым ліку і ЗША.
Дачка Сяргея Скрыпаля Юлія прыйшла ў прытомнасць 29 сакавіка. Яна ўжо размаўляе. Расійскае тэлебачанне агучыла аўдыёзапіс яе размовы з пляменніцай Скрыпаля Вікторыяй, якая жыве ў Расіі. Сваячка Скрыпаляў збіралася наведаць іх у Вялікабрытаніі, аднак не атрымала візы. У Лондане мяркуюць, што яна магла трапіць “пад уплыў Крамля” і таксама “стала ахвярай”.