Студэнтам БДУ забаранілі святкаваць Дзень святога Валянціна
У БДУ "забанілі" Дзень святога Валянціна / pixabay.com
Рэктарат Белдзяржуніверсітэта забараніў студэнцкім арганізацыям адзначаць Дзень святога Валянціна. Звесткі пра гэта спярша з'явіліся ў сацсетках.
У каментары zerkalo.io студэнтка БДУ Наталля расказала, што яе факультэт кожны год рыхтаваў святочныя мерапрыемствы да 14 лютага. Гэта маглі быць "хуткія спатканні" або прагляды рамантычных фільмаў. Але сёлета і педагогі-арганізатары інтэрната, і члены студсаюза факультэта папярэдзілі: прарэктар па выхаваўчай рабоце БДУ Ганна Бакун забараніла адзначаць Дзень усіх закаханых. Прычыну забароны адміністрацыя ўніверсітэта не патлумачыла. "Можна хіба што перайменаваць мерапрыемствы. Гэта незразумела для нас, таму што кожны год праводзіліся розныя мерапрыемствы ў тэматыцы Дня святога Валянціна: і на факультэце, і ў інтэрнатах", — кажа студэнтка.
Абысці забарону і правесці мерапрыемствы ў інтэрнаце не атрымаецца — патрэбны дазвол старшыняў студэнцкіх арганізацый. А яны ўжо ведаюць, што Дзень святога Валянціна забаронены.
Тым, хто праігнорыць забарону, пагражаюць дысцыплінарныя спагнанні. "Напрыклад, могуць не засяліць у інтэрнат У наступным годзе ці ўвогуле выселіць цяпер. Гэта датычыць любых мерапрыемстваў, якія праводзяцца без дазволу і неабходных дакументаў", — тлумачыць дзяўчына.
Забарону на святкаванне Дня святога Валянціна журналістам пацвердзілі студэнты розных факультэтаў БДУ — хімічнага, філалагічнага і журналістыкі. Сябра студсаюза БДУ Ірына кажа, што Дзень святога валянціна забаранілі святкаваць нароўні з Хэлоўінам: "Тлумачаць гэта тым, што гэтыя святы з'яўляюцца заходнімі, ніякага дачынення да нас і нашай культуры не маюць".
Студэнты, па словах Ірыны, дамовіліся не адзначаць свята публічна і не пісаць пра яго ў сацсетках, бо яны маніторацца адміністрацыяй.
У каментары tochka.by прэс-служба БДУ заявіла, што насамрэч у плане ўніверсітэцкіх мерапрыемстваў не было святкавання Дня святога Валянціна, таму забараняць не было чаго: "Таму няма чаго і адмяняць. Усё, што распаўсюджваецца адносна гэтай тэмы ў інфармацыйнай прасторы з'яўляецца недакладнай інфармацыяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.