Студэнты з краін Усходняга партнёрства могуць атрымаць стыпендыю ў Польшчы

Новыя адукацыйныя магчымасці ў межах стыпендыі імя Стэфана Банаха прадастаўляе польскае МЗС. Стэфан Банах — гэта вядомы польскі матэматык, які працаваў у Львоўскім універсітэце. Патронам стыпендыі выбралі менавіта яго, таму што яго прозвішча не выклікае нейкіх палітычных асацыяцый.

Па словах намесніцы міністра замежных справаў Польшчы Катажыны Пэлчыньскай-Налэнч, стыпендыі для замежнікаў, якія выбіраюць дакладныя навукі ці адукацыю ў галіне бізнэса, даўно не хапала.

“Наша ідэя вынікае з таго, што па-першае, такі праект — гэта найлепшае інвестыцыя ў кантакты паміж маладымі спецыялістамі. Па-другое, прагледзеўшы ўсе прапановы стыпендый, якія існуюць у Польшчы, мы заўважылі, што там не хапае стыпендыі для студэнтаў дакладных навук, інжынерскіх, эканамічных, юрыдычных і бізнэс-накірункаў”.

У Польшчы існуюць яшчэ 4 стыпендыяльныя праграмы для замежнікаў. Гэта праграма імя Кастуся Каліноўскага, адрасаваная грамадзянам Беларусі, якія па палітычных прычынах не могуць навучацца на радзіме, Усходнееўрапейская навучальная праграма, праграма для аспірантаў ў галіне гуманітарных навук з краін Усходняга Партнёрства, а таксама гадавая стыпендыяльная праграма для выпускнікоў-юрыстаў з Украіны. Кожная такая праграма нясе з сабой рызыку, што стыпендыят не вернецца на радзіму, а застанецца працаваць у Еўрасаюзе. Менавіта для таго, каб гэтую рызыку мінімалізаваць і была прыдуманая стыпендыя Банаха — толькі на 2 гады навучання.

 “Усе спецыялісты, з якімі мы кансультавалі ідэю гэтай стыпендыі, казалі нам так — пасля 2 гадоў існуе значна большы шанец, што гэтыя асобы захочуць вярнуцца дадому, чым пасля 5 гадоў навучання. Адсюль і рашэнне — 2 гады”.

На ўсе 6 краін Усходняга партнёрства, а гэта Беларусь, Украіна, Грузія, Азербайджан, Малдова, Арменія, сёлета вылучана 50 месцаў. Кандыдаты на стыпендыю мусяць мець ступень бакалаўра, у выпадку Беларусі дастаткова скончыць 3 акадэмічныя гады на радзіме. Спіс дакументаў, якія трэба падаваць кандыдатам, даволі стандартны — кароткае апісанне праекту дыпломнай працы, копія дыплома або даведка аб адзнаках з мінулага семестра, даведка аб стане здароўя ды пашпарт. Набор кандыдатаў працягнецца да 21 чэрвеня. А тых, хто падасць ўсе неабходныя дакументы, запросяць на сумоўе ў польскае консульства. Вынікі набору стануць вядомыя 2 жніўня.

Памер стыпендыі — 1350 злотых на месяц (гэта каля 450 долараў). Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца ў польскіх дыпламатычных прадстаўніцтвах, а таксама па спасылцы.

На дадзены момант на польскіх стыпендыйных праграмах ужо навучаецца 1255 беларускіх грамадзян. Амаль кожны чацвёрты з іх атрымлівае стыпендыю польскага МЗС.


Фота — e-kolekcjoner.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі