Суд над адвакатам Віталём Брагінцом зрабілі закрытым

Віталь Брагінец / facebook.com/vitaly.braginiec
Віталь Брагінец / facebook.com/vitaly.braginiec

Судовы працэс над адвакатам Віталём Брагінцом зрабілі закрытым. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы. Працэс пачаўся напярэдадні.

Брагінца абвінавачваюць па чатырох артыкулах КК: распальванне варожасці (ч. 3 арт. 130), заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361), стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім (ч. 1 арт. 361-1) і актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342).

Да затрымання Брагінец прадстаўляў інтарэсы некалькіх палітвязняў, у тым ліку праваабаронцы Алеся Бяляцкага і адваката Андрэя Мачалава. Праз арышт Брагінца Мачалаў у судзе застаўся наогул без адваката.

Брагінца затрымалі ў траўні. Яго двойчы арыштоўвалі на суткі, а потым прад'явілі абвінавачванне ў рамках крымінальнай справы. Першапачаткова гаворка ішла толькі аб адным артыкуле — арт. 342 КК (удзел у пратэстах). У жніўні Віталя Брагінца пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі — "у сувязі з ужываннем да адвакатаў дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з Мінскай абласной калегіі адвакатаў за ўчыненне правінаў, несумяшчальных са званнем адваката".

Праваабаронцы прызналі Віталя Брагінца палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі