Суд над актывісткамі Femen перанеслі на пятніцу
Усе суддзі аказаліся занятыя. Украінскіх сэкстрэмістак павінны былі судзіць за акцыю “Начны напад на Лукашэнку”.
З дзяўчат узялі пісьмовае абяцанне з’явіцца ў суд. Пра гэта Еўрарадыё распавяла лідар жаночай арганізацыі Ганна Гуцол:
“Калі дзяўчаты прыйшлі ў суд, ім сказалі, што, на жаль, усе суддзі занятыя і справа будзе разгледжаная ў пятніцу. Тут два варыянты: альбо сапраўды ўсе былі занятыя, альбо — яшчэ не прынятае рашэнне, што ж усё ж такі з намі рабіць за ўчорашнюю акцыю”.
Нагадаем, дзяўчаты з'явіліся да месца начоўкі ў Кіеве беларускага кіраўніка з паходнямі (Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся ва Украіне з афіцыйным візітам). На іх целах былі напісаныя заклікі "Жыве Беларусь!", "Fuck dictator!" ды іншыя, паведамляе сайт жаночага руху. Спакой кіраўніка Беларусі, аднак, збераглі міліцыянты і спецназаўцы "Беркута".
У размове з Еўрарадыё лідар руху Ганна Гуцол распавяла, што затрыманым дзяўчатам пагражае 15 сутак арышту.
У 2011 годзе ў Мінску FEMEN правялі акцыю супраць Лукашэнкі на прыступках КДБ.
Фота — femen.org