Сусветны рэкорд замест пенсіі: як дзядуля 40 год кіруе краінай

Расказваем пра Поля Бія — дзейнага прэзідэнта Камеруна / калаж Еўрарадыё
Расказваем пра Поля Бія — дзейнага прэзідэнта Камеруна / калаж Еўрарадыё

15 чэрвеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка пабіў рэкорд Нурсултана Назарбаева: ён стаў галоўным палітычным доўгажыхаром сярод кіраўнікоў былых краін СССР. Паводле падлікаў Еўрарадыё, сёння кіраўнік Беларусі роўна на адзін дзень перасядзеў свайго казахстанскага калегу, які кіраваў амаль 29 год.

Цяпер перад Лукашэнкам — толькі сусветныя рэкорды. Але гэта не будзе лёгка: у Афрыцы ёсць палітык, які кіруе краінай больш за 40 год.  

Еўрарадыё расказвае пра 90-гадовага Поля Бія — дзейнага прэзідэнта Камеруна.

Аперацыя “Пераемнік”

Поль Бія нарадзіўся 13 лютага 1933 года ў рэгіёне Мвама ў Камеруне. Ён атрымаў адукацыю ў Яундзе і Францыі, дзе вывучаў юрыспрудэнцыю і палітычную навуку. У 1962 годзе ён далучыўся да ўрада Камеруна і займаў розныя пасады, у тым ліку міністра планавання і развіцця.

У 1979-м тагачасны прэзідэнт Камеруна Ахмаду Ахіджа выдаў указ, паводле якога яго пераемнікам станавіўся прэм'ер-міністр. Праз тры гады так і адбылося: ён сышоў па стане здароўя, а малады і энергічны прэм'ер заступіў на пасаду прэзідэнта.

Бія лічыўся лаяльным да папярэдніка палітыкам, аднак ужо праз год Ахіджа і Бія пасварыліся. Новы прэзідэнт абвінаваціў старога ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту, суд прыгаварыў яго да смяротнага пакарання. Ахіджа эміграваў у Францыю, адкуль да самай смерці ў 1982 годзе крытыкаваў пераемніка за злоўжыванне ўладай.

Выбары-дурыбары

У 1984-м Бія выйграў прэзідэнцкія выбары. Гэта было няцяжка, бо ён аказаўся адзіным кандыдатам. Яшчэ да электаральнай кампаніі ён зачысціў палітычнае поле і пазбавіўся ад магчымых канкурэнтаў. Паводле афіцыйнага падліку галасоў, за яго прагаласавала… 99,98% выбаршчыкаў.

Сусветны рэкорд замест пенсіі: як дзядуля 40 год кіруе краінай
Поль Бія / AFP

Пасля гэтага ён змяніў канстытуцыю. Новы асноўны закон яшчэ мацней сканцэнтраваў уладу ў яго руках: Бія скасаваў пасаду прэм'ер-міністра, якую сам займаў 7 гадоў.

На выбарах у 1988-м Поль зноў стаў безальтэрнатыўным кандыдатам. І перамог ужо з горшым вынікам у.. 98,75%.

Аднак неўзабаве ў Камеруне пачаўся ўздым апазіцыі. Яе лідары патрабавалі шматпартыйнасці і канкурэнцыі. І Бія пагадзіўся з патрабаваннямі, але пайшоў на хітрасць.

Цяпер для перамогі кандыдату патрабавалася набраць не больш за 50%, а проста большасць галасоў. Пры наяўнасці некалькіх кандыдатаў-“спойлераў”, дзяржрэсурсу і адсутнасці другога тура ён значна павялічваў свае шансы.

У 1992-м годзе Бія выйграў выбары, набраўшы 39,98%. За яго асноўнага апанента Джона Фру Ндзі прагаласавала 36,8%. Схема з некалькімі кандыдатамі, якія аднялі галасы адзін у аднаго, спрацавала.

Абнуленне 

Адсутнасць рэальных перспектываў дэматывавала апазіцыю. Тым часам Бія прыбраў да рук яшчэ больш улады. У 1996-м ён зноў перапісаў канстытуцыю і павялічыў прэзідэнцкі тэрмін ад 4 да 7 гадоў.

Аднак ён унёс важную папраўку: цяпер чалавек не мог быць прэзідэнтам больш за два тэрміны запар. Папярэднія свае тэрміны Поль “абнуліў” — канстытуцыя ж новая. У тым жа годзе такі ж трук праварочвае і Лукашэнка, “забыўшыся” на свае два гады прэзідэнцтва.

Выбары 1997-га апазіцыя байкатавала, а тэхнічныя “спойлеры” набралі мізер. Бія намаляваў сабе 92,57%.

На выбарах 2004-га апазіцыя паспрабавала ўзяць рэванш, але не змагла абраць адзінага кандыдата. Супраць Бія выступілі ажно 15 прэтэндэнтаў. Выбары Поль выйграў з паказчыкам 71%.

Апазіцыя зноў абвінаваціла яго ў фальсіфікацыях. Нават звярнулася ў Вярхоўны суд з патрабаваннем адмяніць вынікі. Аднак легітымнасць пацвердзілі многія міжнародныя назіральнікі, а шэсць былых амерыканскіх кангрэсменаў увогуле назвалі выбары справядлівымі. Пазней аказалася, што Бія іх падкупіў.

Час сыходзіць? (не)

Перад наступным галасаваннем паўстала пытанне аб абмежаванні тэрмінаў: па змененай канстытуцыі Бія не мог балатавацца ў трэці раз. Праблему ён элегантна вырашыў за тры гады да чарговых выбараў. У навагоднім звароце Бія заявіў, што абмяжоўваць выбар народа недэмакратычна і ўнёс у парламент папраўку ў канстытуцыю. Кішэнныя дэпутаты падтрымалі гэта амаль аднагалосна

Незадоўга да галасавання ў краіне ўспыхнулі пратэсты. У людзей назапасілася стомленасць ад кіравання Бія, пры якім жыццё не станавілася лепшым. Пратэсты жорстка падавіла войска: праваабаронцы заявілі пра 100 забітых і 2000 арыштаваных. Рэпрэсіям падвергліся дзеячы культуры і журналісты — іх абвінавацілі ў пагрозе нацыянальнай бяспецы.

На выбарах у 2011-м Бія атрымаў 78%, у 2018-м — 71%.

Сусветны рэкорд замест пенсіі: як дзядуля 40 год кіруе краінай
Фота: crtv.cm

Ваюе са сваім народам

Апошнімі гадамі ў Камеруне не спыняецца вайна супраць сваіх жа рэгіёнаў. Пачалося з таго, што англамоўныя правінцыі запатрабавалі захоўваць баланс сіл і не ўшчамляць іх на карысць франкамоўных грамадзян. Пратэсты жорстка задушыла войска (4 загінулых, 100 арыштаваных). Пасля гэтага сепаратысты абвясцілі аб незалежнасці ад Камеруна, што дало Бія права ўвесці войскі туды, дзе жывуць яго ж грамадзяне.

Армія дзейнічае жорстка: спальвае англамоўныя селішчы і забівае нязгодных з палітыкай “партыі”. 

“Стабільнасць”

Адной з галоўных праблем, з якімі сутыкаецца насельніцтва Камеруна, з'яўляецца нераўнамернае размеркаванне даходаў. Вялікая частка насельніцтва жыве ва ўмовах беднасці, мае абмежаваныя магчымасці доступу да адукацыі, аховы здароўя і іншых асноўных паслуг.

Таксама ў Камеруне існуе праблема беспрацоўя і нізкіх заробкаў. Многія людзі вымушаныя займацца некваліфікаванай працай ці працаваць у нефармальным сектары эканомікі, што ўплывае на іх узровень жыцця.

Сусветны рэкорд замест пенсіі: як дзядуля 40 год кіруе краінай
Фота: wikipedia

Акрамя таго, у Камеруне сур'ёзная праблема з карупцыяй. Карупцыйныя практыкі ў дзяржаўным сектары і адсутнасць празрыстасці негатыўна адбіваюцца на развіцці краіны і пагаршаць умовы жыцця насельніцтва.

Навакольнае асяроддзе таксама з'яўляецца галаўным болем для Камеруна. Незаконная рубка лесу, незаконнае паляванне і іншыя віды эксплуатацыі прыродных рэсурсаў прыводзяць да дэградацыі экасістэм і пагрозы біялагічнай разнастайнасці.

Выбары-2025

У 2025-м у Камеруне пройдуць чарговыя прэзідэнцкія выбары. Бія пакуль ухіляецца ад адказу, ці будзе ў іх удзельнічаць. На той момант яму ўжо будзе 92 гады. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі