Святлана Ціханоўская заклікала ўлады Германіі спрасціць выдачу гуманітарных віз
Святлана Ціханоўская і нямецкая міністр па справах Еўропы Ганна Лурман
Пра легалізацыю беларусаў у Германіі і вырашэнні візавых праблем ішла размова падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай і нямецкай міністркай па справах Еўропы Ганнай Лурман.
Лідарка беларускіх дэмсіл заклікала нямецкія ўлады павялічыць колькасць гуманітарных віз для беларусаў і спрасціць працэдуры па іх атрыманні. Нямецкая міністарка са свайго боку расказала пра падрыхтоўку дакументаў, якія спросцяць легалізацыю беларусаў у Германіі. Нямецкі ўрад зараз распрацоўвае інструкцыі для міграцыйных службаў па выдачы беларусам дакументаў і пашпартоў іншаземца.
Святлана Ціханоўская падзякавала нямецкай міністрцы за паслядоўную падтрымку свабоднай Беларусі і прапанавала прызначыць спецпасланніка па сувязі з дэмакратычнымі сіламі, як гэта ўжо зрабілі Швецыя, Францыя, Польшча і Эстонія.
Акрамя таго, учора ў Берліне Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у першай сустрэчы Альянсу груп "За дэмакратычную Беларусь". Такія парламенцкія групы ўжо існуюць у 22 краінах свету. На гэтай сустрэчы Ціханоўская гаварыла пра неабходнасць спрасціць працэдуры легалізацыі беларусаў у выгнанні, пра тое, што "патрэбнае комплекснае рашэнне, якое ўключыла б выдачу пашпартоў іншаземца, прадаўжэнне відаў на жыхарства і спрашчэнне юрыдычных працэдур". Яна таксама адзначыла, што беларускія дэмсілы са свайго боку рыхтуюцца выдаваць новы беларускі пашпарт. "Я прашу вас падтрымаць гэты праект у вашых парламентах", — дадала яна.
Ціханоўская таксама заклікала працягваць ціск на рэжым і дамагацца неадкладнага вызвалення палітвязняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.