Сябру Партыі БНФ прысудзілі штраф за тое, што назваў чыноўніка "тэрарыстам"
Леанід Аўтухоў зрабіў адпаведны запіс у кнізе скаргаў райвыканкама.
Гарадоцкі раённы суд (Віцебская вобласць) аштрафаваў актывіста Партыі БНФ Леаніда Аўтухова. Справу на яго завялі пасля таго, як яго знялі з уліку ў цэнтры занятасці (як ён лічыць, незаконна), а Аўтухоў у адказ параўнаў у кнізе скаргаў райвыканкама начальніка раённай управы па працы, занятасці і сацыяльным забеспячэнні Пятра Прасолава з "тэрарыстам з Луганску і Данецку". Прасолаў вырашыў, што запіс абразлівы, і напісаў заяву ў міліцыю.
Суддзя Аляксандра Носава прызнала актывіста вінаватым паводле адміністрацыйнага артыкула — за "абразу службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў асобай, не падначаленай па службе". Яна пастанавіла аштрафаваць Аўтухова на 5 мільёнаў 400 тысяч рублёў, інфармуе Радыё Свабода.
Дарэчы, Леанід Аўтухоў кажа, што сталую працу ён страціў у 2008 годзе — яго скарацілі пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў, куды ён балатаваўся. Ад таго часу ўладкавацца на працу яму не ўдавалася, у тым ліку з дапамогай рэгіянальнага цэнтру занятасці. За апошнія гады актывіст больш за 50 разоў спрабаваў уладкавацца на працу, і ўсё безвынікова.
Фота: Fotolia, svaboda.org