Сяргей Далідовіч сабраў амаль 14 тысяч рублёў на падрыхтоўку да Алімпіяды-2018
За 10 дзён краўдфандынгавай кампаніі лыжнік Сяргей Далідовіч сабраў амаль палову сумы, неабходнай для падрыхтоўкі да Алімпіяды-2018, 14 тысяч рублёў. У інтэрв’ю Еўрарадыё Далідовіч, звольнены з Міністэрства спорта пасля 27 гадоў выступаў за нацыянальную зборную, распавядаў, што збірае сродкі, каб даведацца, ці патрэбныя яго перамогі каму-небудзь, акрамя яго самога. Беларусы ўласным рублём даказваюць: патрэбныя! І робяць выступ на Алімпіядзе рэальным.
Палову ад сабраных сродкаў ахвяравалі спонсары, якія не пажадалі паскрываць свае асобы. Зрабіць ахвяраванне можна тут.
Куды пойдуць сабраныя сродкі?
"Пакуль я ў Беларусі — выдаткі мае простыя: бензін, каб даехаць да Раўбічаў, — распавядае Сяргей Далідовіч. — А калі пачнецца падрыхтоўка да Алімпіяды, трэба будзе правесці адзін замежны высокагорны збор — каля 2 тысяч еўра, калі я паеду адзін. Плюс прыкладна два месяцы — 75 дзён па маіх падліках — давядзецца правесці ў Еўрапейскім саюзе, каб, удзельнічаючы ў спаборніцтвах FIS, заваяваць алімпійскую ліцэнзію. Вось на гэта грошы і пойдуць. Спартовае харчаванне, экіпіроўка — на гэта ўсё я ўжо зарабіў сваім імём. За гэта плаціць не трэба".
Гэтымі днямі ў Беларусі праходзіць чэмпіянат краіны па лыжаролерных гонках. 17 жніўня Сяргей Далідовіч пабяжыць сваю “каронную” лыжную дыстанцыю — 15 км. Цікава, ці абгоніць 44-гадовага спартсмена хто-небудзь з тых, каго ў Федэрацыі лыжных гонак лічаць больш вартымі паездкі на Алімпійскія гульні ў Пхёнчан.