Таніроўку ў Беларусі зноў дазволяць?

Зацямняць шкло ў аўтамабілях забараніў прэзідэнт. Але, як даведалася Еўрарадыё, гэта супярэчыць міжнароднай канвенцыі, якую раней падпісала Беларусь. А міжнародныя правілы важней за ўнутраныя. Сярод аўтааматараў і ДАІ не супакойваецца інфармацыйна-фінансавая вайна. Самыя актыўныя прыхільнікі таніраванага шкла здабываюць і перадаюць грамадскасці ўсё новыя і новыя факты таго, што беларускія даішнікі штрафуюць іх незаконна, а людзі са свістком і чароўнай паласатай палкай не стамляюцца выпісваць кіроўцам штрафы.

Еўрарадыё ўжо расказвала пра тое, як кіроўца “Мазды” Канстанцін Глушакоў дабіўся ў судзе Маскоўскага раёна Мінска адмены штрафа ў 35 тысяч рублёў за таніроўку. Аўтааматар здолеў даказаць, што вызначаны інспектарам на вока ўзровень святлапрапускання шкла яго аўтамабіля не адпавядае рэчаіснасці. Але, як стала вядома Еўрарадыё, практыка вызначэння ўзроўню таніроўкі “на вока” — не самае страшнае ў гэтай сітуацыі. Больш страшна тое, што штрафаванне кіроўцаў за таніроўку задняга і задняга бакавога шкла супрацьзаконна. Пра гэта паведаміў заснавальнік народнага прававога сайта stop-gai.by  Аляксандр.

Аляксандр: “Гэта артыкул 43 Еўрапейскай эканамічнай канвенцыі ААН, дзе сказана, што пярэдняе шкло таніраваць забараняецца, пярэднія бакавыя павінны мець не менш за 70 адсоткаў святлапрапускальнасці. Пра заднія ж там няма ні слова. Беларусь ратыфікавала гэтыя правілы, а потым у аднабаковым парадку ўнесла змены ва ўласныя Правілы дарожнага руху. Хоць у Правілах сказана, што ў выпадку несупадзення заканадаўства Рэспублікі Беларусь з міжнароднымі дамовамі больш правільнымі трэба лічыць міжнародныя дамовы”.

Тое, што Беларусь і сапраўды падпісала адпаведную міжнародную канвенцыю па правілах дарожнага руху, прызнаў і начальнік прэс-службы ДАІ МУС Уладзімір Сцяпанаў. І, кажа, нават нешта змяняць у адпаведнасці з ёй у бліжэйшы час збіраюцца. Але на праблемы таніроўкі ў беларускіх уладаў ёсць свой погляд.

Уладзімір Сцяпанаў: “Так, мы падпісалі канвенцыю і кіруемся яе палажэннямі. У прыватнасці, будзем пасведчанне кіроўцы ўводзіць узору, які адпавядае той канвенцыі. Але ёсць дакумент, які усе ведаюць — указ прэзідэнта Беларусі №551 “Аб мерах па павышэнні бяспекі дарожнага руху”, пункт 2.4: “З 1 красавіка 2006 года забараняецца ўдзел у дарожным руху транспартных сродкаў з таніраваным шклом, ступень святлапрапускання якіх не адпавядае Правілам дарожнага руху”. А ў правілах ёсць пункт 194.12, дзе канкрэтна указана — са шклом, якое прымяняюць для зашклення пярэдняга праёма транспартнага сродку, пярэдняга бакавога шкла, святлопрапускальнасць якіх складае менш 70% і менш за 60% для астатняга шкла, такім забараняецца удзельнічаць у транспартным руху”.

Такім чынам, несупадзенне беларускіх правілаў і міжнародных тычыцца толькі задняга і задняга бакавога шкла. Беларускія правілы абмежавалі узровень святлапрапускальнасці іх таніроўкі да 60%, а міжнародныя на таніроўку гэтага шкла проста не звяртаюць увагі.

На думку былога суддзі Канстытуцыйнага суда, юрыста Міхаіла Пастухова, у такім выпадку перавагу маюць міжнародныя нормы, якія ратыфікавала Беларусь. Але гэта чамусьці не спрацоўвае.

Міхаіл Пастухоў: “У Беларусі замест прынцыпа вяршэнства закона, згодна з артыкулам 7 Канстытуцыі, прынцып вяршэнства права. І ў гэтай сістэме права галоўнае месца займаюць акты прэзідэнта”.

Між тым у айчынных Правілах дарожнага руху ёсць спасылка, дзе гаворыцца, што калі нейкія артыкулы з іх не супадаюць з міжнароднымі нормамі, карыстацца трэба міжнароднымі стандартамі. Але супрацоўнік ДАІ МУС раіць у выпадку з таніроўкай не спяшацца карыстацца міжнароднымі нормамі.

Уладзімір Сцяпанаў: “Мы дзе жывем? Напэўна, трэба глядзець на законы той краіны, дзе жывеш. Таму — кіруемся нашымі”.

Нягледзячы на гэта, актывісты руху аўтааматараў не збіраюцца здавацца і будуць працягваць спробы адстаяць свае правы. Аляксандр прызнаўся Еўрарадыё, што цяпер яны бачаць адзін шлях для гэтага.

Аляксандр: “Зараз мы пачынаем рэгістраваць грамадскае аб’яднанне. І ад імя аб’яднання будзем выходзіць на кагосьці з дэпутатаў, каб унесці гэтае пытанне на разгляд Канстытуцыйнага суда”.

Экс-суддзя КС Міхаіл Пастухоў называе гэтую ініцыятыву цікавай, якая выкліча гучны грамадскі рэзананс.

Міхаіл Пастухоў:
“Трэба нам падпарадкоўвацца міжнародным стандартам. І, можа, гэта будзе першы выпадак, калі акт кіраўніка дзяржавы можа быць прызнаны супярэчным міжнародным актам”.

Чытайце таксама:

ДАІ вымярае таніроўку з парушэннем закону?

ДАІ адыгралася на кіроўцы, якому прайграла суд

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі