ТБМ патрабуе стварыць беларускамоўны тэлеканал да восені

Калі да восені не вырашыцца пытанне пра стварэнне беларускамоўнага дзяржаўнага тэлеканала, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны ў верасні пачне збор подпісаў грамадзян пад адпаведным зваротам да ўлады.  Як паведамляе БелаПАН, на пачатку красавіка кіраўнік ТБМ Алег Трусаў звярнуўся да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзіміра Макея з просьбай стварыць беларускамоўны дзяржаўны тэлеканал. Па словах Трусава, адсутнасць такога тэлеканалу пазбаўляе грамадзян цэласнай інфармацыйнай прасторы на роднай мове.

Зварот быў перасланы ў Мінінфармацыі, адкуль прыйшоў адказ ад 24 красавіка, падпісаны міністрам Уладзімірам Русакевічам. Міністр адзначыў, што ў Беларусі ёсць пяць агульнанацыянальных тэлеканалаў, а таксама "НТВ-Беларусь" і "РТР-Беларусь". Стварэнне новага канала на базе аднаго з дзейсных, на думку чыноўніка, непазбежна прывядзе да зменаў на інфармацыйным полі краіны, а таксама стане прычынай немалых фінансавых выдаткаў.

Кіраўнік ТБМ, аднак, упэўнены, што беларускамоўны тэлеканал таксама будзе мець сваю канцэпцыю і сваю аўдыторыю. Ён выказаў надзею, што ў Год роднай зямлі ўлады зменяць сваё стаўленне да роднай мовы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі