Тэнісістцы Арыне Сабаленка не даюць брытанскую візу
Арына Сабаленка / AP Photo, ілюстрацыйнае фота
Удзел тэнісісткі Арыны Сабаленка ў сёлетнім Уімблдонскім турніры — пад пытаннем. Беларуска не можа атрымаць візу ў Вялікабрытанію, пра што яна сама напісала ў сваім акаўнце ў Instagram.
Сабаленка займае другое месца ў сусветным тэнісным рэйтынгу WTA і выступае на самых прэстыжных турнірах.
Прыхільнікі тэнісу крытыкуюць яе за тое, што спартоўка ніяк не выказвалася ў абарону Украіны ад расійскай агрэсіі. Сама Сабаленка, гаворачы на гэтую тэму, неаднаразова казала, што не бачыць за сабой ніякай віны.
Уімблдонскі турнір — адно з найбуйнейшых у свеце тэнісных спаборніцтваў. Сёлета турнір пройдзе з 3 па 16 ліпеня.
Летась арганізатары турніру адмовілі ва ўдзеле беларускім і расійскім спартоўцам. Сёлета для допуску да турніру для беларусаў і расіян паставілі ўмовы: прытрымлівацца нейтралітэту, не рабіць якіх-небудзь заяваў у падтрымку вайны ці рэжымаў, якія яе вядуць, а таксама адмовіцца ад спансіравання з боку сваіх дзяржаў ці дзяржаўных кампаній.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.