Толькі здавальняючыя паводзіны. Зацверджаныя правілы прыёму ў 10-я і 11-я классы

Школьны клас
Школьны клас

Міністэрства адукацыі Беларусі зацвердзіла правілы прыёму ў навучальныя ўстановы пасля 9 класа. Пастанова "Аб прыёме асоб для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў гімназіях, сярэдніх школах" набыла моц 1 верасня, а 3 верасня была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале.

Да паступлення ў 10-ы клас гімназій дапускаюцца абітурыенты, у якіх у пасведчанні аб агульнай
базавай адукацыі адзнакі па кожным з навучальных прадметаў, якія вызначаны ў гэтых гімназіях для вывучэння на павышаным узроўні, не ніжэй за 7 балаў. Пры залічэнні на свабодныя месцы ў 11-ы клас не ніжэйшым за 7 павінен быць сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі або сярэдні бал выніковай атэстацыі ў год прыёму.

Да конкурсу ў гімназіях з профільнымі класамі аграрнай накіраванасці дапускаюцца абітурыенты, якія маюць у пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі адзнакі не ніжэй за 6 балаў па кожным з навучальных прадметаў, вызначаных у гэтых гімназіях для вывучэння на павышаным узроўні. Пры залічэнні на свабодныя месцы ў 11-ы клас не ніжэйшым за 5 павінен быць сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі або сярэдні бал выніковай атэстацыі ў год прыёму.

Асобна пазначана, што ў гімназіі не змогуць паступіць выпускнікі 9-х класаў, якія атрымалі ў навучальным годзе, які папярэднічае году прыёму, нездавальняючую адзнаку па паводзінах. Верагодна, гэты пункт уведзены для таго, каб пазбавіць шанса на сярэднюю адукацыю вучняў, затрыманых за ўдзел у вулічных пратэстах.

Аналагічныя правілы дзейнічаюць у адносінах да 10-х і 11-х класаў школ.

Заяву ў 10 клас можна будзе падаць у прыёмную камісію з 12 чэрвеня па 10 жніўня, а ў 11-й — з 12 чэрвеня па 17 жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі