Траўмаваны шайбай глядач: Я мог застацца на “Мінск-Арэне” назаўсёды
Мінчанін Ян схадзіў на матч чэмпіянату свету і ўжо тыдзень ляжыць у шпіталі. Пасля ўдару шайбы ў хлопца пералом чэрапа ў двух месцах.
“Сантыметр бліжэй да скроні, і я б, магчыма, на той арэне і застаўся. Сантыметр ніжэй — быў бы без вока. Тое, што мне пашанцавала — гэта адназначна. Шайба трапіла ў адну з самых моцных касцей на галаве. І тое, што мы з вамі цяпер размаўляем, гэта само па сабе добра”, — расказвае Ян на наступны дзень пасля нейрахірургічнай аперацыі.
“Уціснуты пералом вонкавай сценкі лобнай пазухі і верхняй сценкі правай арбіты” — такі дыягназ Яну ставяць ўрачы. Цяжка паверыць, што гэтыя траўмы 29-гадовы хлопец мог атрымаць ад шайбы, што вылецела на трыбуну “Мінск-Арэны” падчас матча Латвія-Казахстан. Аперацыю Яну робяць праз тыдзень пасля здарэння — 20 траўня. Яшчэ як мінімум тыдзень хлопец правядзе ў бальніцы — далейшы лёс залежыць ад паспяховасці праведзенай аперацыі.
З журналістамі Ян прынцыпова не кантактаваў да аперацыі. Цяпер кажа, што думае пра магчымасць атрымаць кампенсацыю ад арганізатараў чэмпіянату. Пакуль ляжаў у шпіталі — не змог паехаць у запланаваную паездку ў Польшчу. Страціў грошы за нескарыстаную візу. Невядома таксама, колькі ў выніку будзе каштаваць лячэнне і рэабілітацыя. Цяпер няўдалы заўзятар збірае даведкі для адваката.
“Для пачатку мне трэба паправіцца. І атрымаць усе медыцынскія даведкі, паперкі, што я атрымаў менавіта такую траўму, і мне зрабілі менавіта такую аперацыю”.
На хакей, дарэчы, Ян пайшоў ўсяго другі раз у жыцці — паддаўся ўсеагульнай ліхаманцы. Дагэтуль толькі аднойчы назіраў за матчам КХЛ з удзелам мінскага “Дынама”. Расказвае, што падчас здарэння сядзеў за лавай запасных латвійскай зборнай — там была вельмі добрая атмасфера, цікава было назіраць за хакеістамі. Разам з сябрамі ён нават і ўявіць не мог, што такая блізкасць да пляцоўкі можа быць настолькі небяспечнай.
У Беларускім таварыстве абароны правоў спажыўцоў Еўрарадыё тлумачаць, што выпадак Яна неабходна абмеркаваць з адвакатам. Квіток на хакей прадугледжвае толькі прадастаўленне відовішча. У дадзеным выпадку — магчымасць убачыць матч. Атрыманне траўмы — прадмет для асобнага разбору.
“Рэальна альбо нерэальна атрымаць кампенсацыю — гэта пытанне да адвакатаў. Была заключаная дамова на атрыманне відовішчнага мерапрыемства. У гэтай частцы паслугі былі аказаныя. А тое, што адбыліся такія абставіны… Гэта пытанне ўжо да адвакатаў”.
Адным з афіцыйных партнёраў правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску з’яўляецца дзяржаўнае страхавое прадпрыемства “Белдзяржстрах”. Яно гарантавала ўсім замежным уладальнікам квіткоў на матчы бясплатную медыцынскую дапамогу ў выпадку неабходнасці. Еўрарадыё у кампаніі пакуль не змаглі паведаміць, ці можа пацярпелы беларускі заўзятар разлічваць на кампенсацыю. Аднак паабяцалі разабрацца ў сітуацыі і абавязкова даць адказ.