У аэрапорце Данецка на баку баевікоў ваюе беларус-спецназавец (відэа)
З'явілася відэасведчанне яшчэ аднаго ўраджэнца Беларусі, які прымае ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе.
Відэа з аповедам маладога чалавека, які ваюе на Данбасе на баку баевікоў, з'явілася на YouTube. Невядомы сцвярджае, што служыў у 5-й брыгадзе спецыяльнага прызначэння ў Мар'інай Горцы. На Данбас ён дабіраўся праз Расію.
Як можна меркаваць, беларус ваюе ў падраздзяленні "Матаролы" ў раёне данецкага аэрапорта, які ўтрымліваюць украінскія сілавікі. Ён дзякуе свайму камандзіру, які ў брыгадзе ў Мар'інай Горцы даў яму "навыкі" і "вопыт", якія цяпер ён выкарыстоўвае ў баях.
Нагадаем, беларусы ваявалі і ваююць на Данбасе як на баку ўкраінскіх сілавікоў, так і прарасійскіх баевікоў. Дакладная іх колькасць невядомая.