У Бабруйскім раёне маршрутка сутыкнулася з трактарам, 13 пацярпелых
На месцы ДТЗ
У Бабруйскім раёне маршрутка сутыкнулася з трактарам. Як паведамляе магілёўская міліцыя, здарэнне адбылося ў аўторак каля 15-й гадзіны на аўтадарозе Бабруйск — Мазыр каля вёскі Брожка. Mercedes-Benz Sprinter, якім кіраваў 32-гадовы мужчына, сутыкнуўся з трактарам, які ехаў наперадзе ў спадарожным напрамку і здзяйсняў паварот налева (СК удакладняе, што трактар быў з лесавозным паўпрычэпам).
Як паведамляе Мінаховы здароўя, на месца аварыі прыехалі 7 брыгад медыкаў. Па меддапамогу да іх звярнуліся з 17 пасажыраў маршруткі 13 чалавек. Двое пацярпелых самастойна з'ехалі ў Рэчыцу, 11 звярнуліся ў Бабруйскую бальніцу хуткай меддапамогі і ў Бабруйскую цэнтральную бальніцу. Шпіталізавалі 10 пацярпелых, двое з іх — у рэанімацыі. Яшчэ адзін пасажыр будзе праходзіць лячэнне амбулаторна.
Ратавальнікі дадаюць, што яны дэблакавалі аднаго з пасажыраў, маладога чалавека, якога ў выніку аварыі заціснула ў салоне.
У дачыненні да кіроўцы маршруткі распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 317 КК "Парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.