У Бабруйску збіраюць подпісы супраць знішчэння вядомай мазаікі
Мазаіка на будынку бальніцы ў Бабруйску
Абвешчаны збор подпісаў пад зваротам да ўладаў Бабруйска з просьбай перагледзець рашэнне аб знішчэнні мазаікі на будынку гарадской бальніцы хуткай меддапамогі імя Марзона. Пано было створанае ў 1968 годзе бабруйскім мастаком Сямёнам Абрамавым і за гэтыя гады зрабілася адным з вядомых месцаў горада.
Цяпер корпус бальніцы хочуць знесці разам з пано. Гарадскія ўлады спасылаюцца на тое, што мазаіка не ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, таму можа быць дэмантаваная разам з будынкам. "Сам знос павінен пачацца ўжо пад канец гэтага года, як і было заяўлена ў планах", — кажуць у Бабруйскім выканкаме.
Аўтары петыцыі нагадваюць, што на творы дэкаратыўна-манументальнага і манументальнага мастацтва распаўсюджваецца зусім іншае заканадаўства (не аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны). Прыводзяць канкрэтныя дакументы. І ў гэтай сувязі яны цікавяцца, ці былі выкананыя ўсе працэдуры з улікам гэтых нарматыўных актаў. У адваротным выпадку просяць "зрабіць захады, каб не дапусціць парушэння заканадаўства і паспрыяць захаванню мазаікі праз рэканструкцыю, якая прадугледжвае перанос твора мастацтва на іншае месца або ў музейныя фонды". Аўтары петыцыі нагадваюць, што "беларускае заканадаўства не прадугледжвае знішчэння твораў мастацтва, бо гэта паводле прамога вызначэння з'яўляецца варварствам".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.