У Баранавічах хочуць пераназваць cтары парк у гонар Лукашэнкі
Жыхары горада збіраюць подпісы з прапановай перайменаваць паркі з савецкімі назвамі.
Як паведамляе Intex-press, збор подпісаў сёння пачалі чальцы баранавіцкага аддзялення прафсаюза РЭП. Ліст з подпісамі яны плануюць накіраваць у гарвыканкам.
Як адзначылі актывісты, назвы гарадскіх паркаў імя 30 год УЛКСМ (малады) і імя 60 год СССР (стары) даўно не адпавядаюць сучасным рэаліям і састарэлі. Гараджане прапануюць малады парк перайменаваць у парк Герояў Беларусі, а парк імя 60-годдзя СССР — у Парк першага прэзідэнта Беларусі.
У звароце да гарадскіх уладаў гаворыцца, што грамадскія актывісты неаднаразова звярталіся да кіраўніцтва Баранавіч з прапановамі добраўпарадкавання, рэканструкцыі гарадскіх паркаў, усталявання там новых атракцыёнаў, каб зрабіць іх больш камфортнымі для адпачынку жыхароў і гасцей горада. Але, па словах актывістаў, на іх звароты не звярталі ўвагі. Магчыма, згадка прэзідэнта дапаможа нешта змяніць, спадзяюцца яны.