У Беларусь прыедзе яшчэ больш расіян — глядзець галівудскае кіно

Кадр з фільма "Дзюна"

Кадр з фільма "Дзюна" / imdb.com

Беларусь чакае наплыў кінатурыстаў з Расіі — да такой высновы прыходзіць тг-канал "Свяшчэнны Белавуд", спасылаючыся на апошнія навіны і аналізуючы дадзеныя расійскіх кінатэатраў.

Нядаўна Асацыяцыя ўладальнікаў кінатэатраў заклікала кіназалы падтрымаць расійскія фільмы і цалкам адмовіцца ад перадсеанснага абслугоўвання ў перыяд з 18 красавіка па 12 траўня. "Перадсеанснае абслугоўванне, — тлумачаць аўтары тг-канала, — гэта калі білеты фармальна прадаюцца на кароткаметражныя фільмы а ў дадатак да іх паказваюць фільмы галівудскіх кінакампаній, якія пасля пачатку вайны сышлі з Расіі".

Следам за асацыяцыяй шэраг дыстрыбутараў — у тым ліку кампанія "Атмасфера кіно" — накіравалі лісты сеткам кінатэатраў, у якіх таксама "прапанаваі" не паказваць у гэтыя даты галівудскія стужкі па схеме перадсеанснага абслугоўвання. У выпадку адмовы дыстрыбутары прыгразілі не падаўжаць для такіх кінатэатраў магчымасць паказу стужак, якія легальна распаўсюджваюцца імі.

Кіраўнік агенцтва TelecomDaily Дзяніс Кускаў заявіў РБК, што "падобны ультыматум — пакінуць сеткі без легальнага кантэнту — гучыць сур'ёзна".

"Цалкам верагодна, — лічыць ён, — што па заканчэнні заяўленага тэрміна — з 18 красавіка па 12 траўня — гэтая практыка будзе насіць пастаянны характар, а аб'ём "ценявога“ пракату скароціцца да мінімуму".

Ужо цяпер, калі вывучаць афішу расійскіх кінатэатраў, можна заўважыць, што другая частка знакамітай "Дзюны", якую яшчэ месяц таму круцілі дзясяткі кінатэатраў Масквы і Санкт-Пецярбурга, на 18 красавіка была заяўлена толькі ў адным нясеткавым кінатэатры. А на сайтах кінасетак "Сінема Стар" і "Кінамакс", якія раней актыўна паказвалі гэты фільм, прадсеанснага абслугоўвання ўвогуле няма.

"Тым часам на беларускіх кінатэатрах расійская практыка ніяк не адаб'ецца, бо ў Беларусі зацверджаны закон аб выкарыстанні кантэнту з "несяброўскіх краін". Таму тое, што не пакажуць у Расіі, відавочна пакажуць у Беларусі", — рэзюмуе "Свяшчэнны Белавуд".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі