У Беларусі адкарэктавалі праграму будаўніцтва жылля на 2015 год
Адпаведную пастанову прыняў Савет міністраў.
У Беларусі адкарэктавалі праграму будаўніцтва жылля на 2015 год. Савет міністраў унёс змены ў ранейшыя свае пастановы ад чэрвеня 2013-га і лістапада 2014-га. Як інфармуе БЕЛТА, сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю жылля агульнай плошчай 4 млн квадратных метраў. У тым ліку 3 млн 485 тысяч 900 кв. м. — для тых грамадзян, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.
Паводле дакумента, для шматдзетных сем'яў запланавалі будаўніцтва больш за 364 тысячы квадратных метраў жылля. Што да арэнднага жылля, дык у 2015-м яго збіраюцца пабудаваць амаль 186 тысяч кв. м. Найбольш — у Гродзенскай вобласці — больш за 43 тысячы кв. м. (з улікам жылля, якое ўзводзяць для работнікаў, якія працуюць на будаўніцтве Астравецкай АЭС). Акрамя таго, у сталіцы з'явіцца больш за 33 тысячы квадратных метраў жылля для камерцыйнага выкарыстання.
Стала вядома, што ў 2016 годзе для грамадзян, якія стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў, пабудуюць 1 млн 580 тысяч кв. м. жылля. А агулам — 4 млн квадратных метраў.
Фота: sb.by