У Беларусі могуць сфармаваць брыгаду, абсталяваную "Іскандэрамі" — СМІ

Ракетныя комплексы "Іскандэр"

Ракетныя комплексы "Іскандэр"

На тэрыторыі вайсковай часці ў Асіповічах Магілёўскай вобласці будуюцца два новыя ангары. Па памерах і вонкавым выглядзе яны падобныя да сховішчаў для ракетных комплексаў "Іскандэр", якія былі пабудаваныя тут год таму, піша "Радыё Свабода". Рэсурс прааналізаваў спадарожнікавыя здымкі і прыйшоў да высновы, што ў Беларусі могуць сфармаваць новую брыгаду, абсталяваную "Іскандэрамі".

На спадарожнікавым здымку сэрвісу Planet Labs ад 19 траўня 2024 года відаць, што на тэрыторыі артылерыйскай вайсковай часці № 12147 ідзе рэканструкцыя двух закінутых будынкаў. Пра гэтую часць вядома, што тут дыслакуецца, у тым ліку, 465-я ракетная брыгада. І як мінімум адзін з яе дывізіёнаў мае на ўзбраенні аператыўна-тактычны ракетны комплекс "Іскандэр-М". Гэты комплекс здольны несці ядзерную зброю.

В Беларуси может быть сформирована бригада, оснащенная "Искандерами" — СМИ
Спадарожнікавы здымак вайсковай часці ў Асіповічах / Planet Labs/ svaboda.org

На здымках таксама відаць два ангары, падобныя да ангара, пабудаванага для захоўвання "Іскандэраў" год таму. Побач з гэтымі новымі ангарамі можна заўважыць абрысы яшчэ двух буйных падмуркаў незразумелага прызначэння.

У кожным з такіх ангараў могуць размясціцца да 12 баявых машын. Менавіта такую колькасць машын мае штатны дывізіён "Іскандэр" у расійскай арміі. У яго склад уваходзіць камандна-штабная машына, машына жыццезабеспячэння, самаходная ракетная ўстаноўка, транспартна-зараджальная машына, мабільны пункт падрыхтоўкі інфармацыі і машына рэгулявання і абслугоўвання.

Раней Аляксандр Лукашэнка казаў, што ў Беларусі ўжо знаходзяцца дзве дывізіі, то-бок каля 24 такіх баявых машын, 8 з якіх нясуць ракеты. Вайсковы аналітык Конрад Музыка, з якім пагутарылі журналісты "Свабоды", выказаў здагадку, што на тэрыторыі вайсковай часці ў Асіповічах могуць стварыць новую брыгаду.

"Калі мы ведаем, што Беларусь атрымала два дывізіёны "Іскандэраў", гэта значыць восем пускавых установак з ракетамі, то атрымліваецца, што калі расіяне дашлюць яшчэ адзін дывізіён, то гэта будзе паўнавартасная брыгада", — адзначыў ён. Паводле яго слоў, "на фотаздымках добра відаць, што беларусы будуюць аб'ект, дзе можа быць размешчаная гэтая брыгада". Для службы, паводле яго ацэнак, спатрэбіцца каля 500 чалавек.

Нагадаем, 25 сакавіка 2023 года прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясціў, што тактычная ядзерная зброя будзе размяшчацца ў Беларусі. У красавіку 2023 года беларускія ваенныя прайшлі навучанне абыходжанню з тактычнай ядзернай зброяй.

В Беларуси может быть сформирована бригада, оснащенная "Искандерами" — СМИ
Ход будаўнічых работ у вайсковай часці ў Асіповічах / Planet Labs/ svaboda.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі