У Беларусі забаранілі рэкламу вучобы і працы за мяжой
Студэнты, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі ўнесены папраўкі ў закон аб рэкламе — уводзіцца забарона на рэкламу вучобы і працы за мяжой. З гэтага часу рэкламная інфармацыя аб працаўладкаванні і вучобе за межамі Беларусі можа размяшчацца толькі на сайтах арганізацый, якія займаюцца замежным працаўладкаваннем або дапамагаюць з накіраваннем на такую вучобу. Пры гэтым рэклама павінна быць узгоднена ў МУС і міністэрстве адукацыі.
"Рэклама аб навучанні за межамі Рэспублікі Беларусь павінна размяшчацца (распаўсюджвацца) у дакладнай адпаведнасці з узгодненым тэкстам і толькі на сайце ў сетцы Інтэрнэт, указанай рэкламадаўцам у заяве аб узгадненні", гаворыцца ў дакуменце. Пералічаны і патрабаванні да інфармацыі, якую будзе змяшчаць такая рэклама: пачынаючы ад назвы рэкламадаўцы і яго кантактаў і да даных аб умовах і месцы пражывання студэнтаў падчас вучобы за мяжой.
Гэты ж законапраект робіць паслабленні для рэкламы піва і слабаалкагольных напояў на тэлебачанні. Калі зараз забарона на рэкламу такіх напояў дзейнічае з 7 да 22 гадзін, то новыя нормы скарачаюць перыяд забароны. Ён будзе дзейнічаць з 7 да 21 гадзіны. Акрамя таго, позна ўвечары і ноччу дазволяць рэкламаваць крэпкі алкаголь, да гэтага часу такая рэклама на радыё і ТБ была цалкам забаронена.
Большасць палажэнняў гэтага закона набываюць моц праз шэсць месяцаў пасля апублікавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.