У Брэсце 182 карупцыянеры, а ў Мінску — 225

"Я заўважаю, што ў нас утвараецца маленькая кругавая парука на ўзроўні раёна, горада, вобласці", — кажа кіраўнік краіны на паседжанні па пытаннях карупцыі.

З карупцыяй у Беларусі змагаюцца даўно і пастаянна. Але ці змяняецца яе ўзровень? Тут можна звярнуцца да індэкса адчування карупцыі, які штогод робіць Transparency International. Кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

"Узровень гэтага адчування даволі вялікі, нягледзячы на тое, што кіраўнік прыйшоў 19 гадоў пад сцягам змагання з карупцыяй. Зараз мы бачым рэмейк яго іміджу змагара з карупцыяй. Мяркую, што гэта прэлюдыя да чарговай выбарчай кампаніі. Сама сістэма такая, што чыноўнік вырашае ўсё. А калі ён можа на чыюсьці карысць прымаць важныя і грашовыя рашэнні, то заўжды ёсць спакуса ўзяць на лапу".

З 2003 па 2009 год "узровень адчування карупцыі" вырас у 2 разы. Але ўжо ў 2012-м знізіўся. І з 127-га месца мы падняліся на 123-е. Яго мы падзяляем з Мазамбікам, Маўрытаніяй, В'етнамам і С'ера-Леоне. У Расіі з карупцыяй горш — 133-е месца, Украіна — на 144-м, Польшча — на 41-м, Літва — на 48-м месцы.

Дырэктар па даследаваннях “Ліберальнага клуба” Яўген Прэйгерман кажа пра суб'ектыўнасць рэйтынга, таму ён і называецца індэксам успрымання.

"Наўрад ці мы можам казаць, што за апошнія 10-15 гадоў карупцыі стала больш. Яна была больш адчувальнай у канцы 90-х на бытавым узроўні".

Цяпер жа яе стала больш на ўзроўні нейкай кансалідаванай улады, кажа эксперт. Акурат пра тое кажа і Аляксандр Лукашэнка.

Яўген Прэйгерман: "Не сакрэт, што любая аўтарытарная і не рынкавая сістэма дае чалавеку абмен — ты не маеш магчымасці зарабляць вялікія грошы легальнымі спосабамі, але ёсць магчымасць карупцыйнага рэнтавага прыбытку, калі ты патрапіш у пэўныя колы, звычайна звязаныя з дзяржчыноўнікамі. Цяжка колькасна вызначыць, але тое, што сказаў Лукашэнка, адпавядае рэчаіснасці".

Паводле дадзеных Белстата, у параўнанні з мінулым годам сёлета колькасць карупцыйных крымінальных спраў вырасла на 13%. Абсалютны рэкорд у Брэсцкай вобласці — тут рост на 91,6%, а ў Мінскай — зніжэнне, амаль на 30%.

Аляксандр Класкоўскі:"Карупцыя — такая з'ява, што яе аб'ектыўна цяжка змерыць, гэта не ВУП. Калі, напрыклад, браць колькасць крымінальных спраў, то іх рост можа сведчыць, што ўзяліся за карупцыю".

Але гэта не сведчыць пра тое, што карупцыі стала больш ці, наадварот, менш, кажа Прэйгерман.

"Гэта сведчыць пра тое, як працуюць праваахоўныя органы. Не абавязкова, што яны пачынаюць працаваць лепей. Проста калі прэзідэнт ці нехта іншы дае разгон і патрабуе большай барацьбы з карупцыяй — лічбы павялічваюцца".

Цяпер чакаем, што ў наступнай справаздачы Белстата лічбы спраў яшчэ падрастуць. Калі ж паглядзець па колькасці крымінальных спраў за некалькі гадоў, то іх стала менш. Праўда, гэта не звязана са зніжэннем карупцыі.

"Калі пакапаць, то гэта звязана з тым фактам, што тры склады злачынства былі выведзеныя з Крымінальнага кодэксу", — дадае Яўген Прэйгерман.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі