У Брэсце пачаўся суд над 11-й групай фігурантаў "справы карагодаў"

Карагод на скрыжаванні ў Брэсце 13 верасня 2020 года / скрыншот відэа​
Карагод на скрыжаванні ў Брэсце 13 верасня 2020 года / скрыншот відэа​

У Маскоўскім судзе Брэста пачаўся працэс над 11-й групай фігурантаў "справы карагодаў", паведамляюць праваабаронцы. Мусілі судзіць 12 чалавек. Але адзін з іх — Міхаіл Любчук — на пасяджэнне не прыйшоў. Суддзя Таццяна Лаўранюк прыняла рашэнне абвясціць яго ў вышук.

Адначасова да гэтай групы абвінавачаных дадалі палітвязня Віктара Кухарчука. Яго затрымалі ў кастрычніку, з гэтага часу ён знаходзіцца ў Брэсцкім СІЗА.

Гэтую групу, як і фігурантаў аналагічных справаў, абвінавачваюць у "грубым парушэнні грамадскага парадку" (ч.1 арт. 342 КК РБ). На думку следства і пракурораў, яны ўчынілі злачынствы 13 верасня 2020 года, калі падчас акцыі пратэсту зладзілі карагод на скрыжаванні. Людзей разагналі вадамётам. Раней фігуранты гэтай справы апісвалі атмасферу той акцыі ў Брэсце як "атмасферу свята".

Праваабаронцы нагадваюць, што ў рамках розных працэсаў па "справе карагодаў" асуджаныя ўжо 102 чалавекі. Пакаранне на ўсіх выглядае наступным чынам: 82,5 года "хіміі"; 71 год "хатняй хіміі" і 12 гадоў і 2 месяцы калоніі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі